Гэта прэцэдэнт
- Аляксей Копытько
- 30.11.2025, 17:55
Малюк увёў кінетычныя санкцыі супраць двух танкераў расійскага «ценявога флоту».
Зраблю два калянафтавыя пасты ў святле сённяшніх падзей.
Першы. Малюк увёў кінетычныя санкцыі супраць двух танкераў расійскага «ценявога флоту». Гэта прэцэдэнт.
Як ужо паведамілі ўсе СМІ, дронамі 13-га ўпраўлення ДВКР СБУ супольна з ВМСУ паражаныя танкеры KAIRO і VIRAT. Судны адметныя тым, што:
• Абодва пад міжнароднымі санкцыямі;
• Махлююць са сцягамі (сітуацыйна — Гамбія або ўвогуле без сцяга), выключаюць транспондары, ажыццяўляюць перавалку ў моры і г.д. — парушаюць усе магчымыя міжнародныя правілы;
• Фармальна належаць кітайскім кампаніям, але ходзяць з расійскімі капітанамі;
• Ужо ў статусе «ценявых» сумарна перавезлі каля 2 млн тон расійскай нафты.
Танкеры былі пустыя, накіроўваліся ў Наварасійск па чарговую партыю тавару, г.зн. санкцыі супраць іх уведзены ў шчадным рэжыме.
Хачу звярнуць увагу на 2 рэчы.
Фармальнае.
20 ліпеня 2023 года Мінабароны Украіны ў адказ на агрэсіўныя дзеянні расійскага боку, у прыватнасці — у выніку расійскіх пагроз судам з зернем і спробаў блакіраваць т.зв. «зернавы калідор»/зернавую здзелку, абвясціла, што ўсе судны, якія накіроўваюцца ў расійскія порты, адныне разглядаюцца як патэнцыйныя ваенныя мэты.
Я цудоўна памятаю, як з'явілася гэтае паведамленне і якой была рэакцыя.
Частка ўкраінскіх дыпламатаў страціла прытомнасць, а, апамятаўшыся і ломячы рукі, пачала стагнаць: а як жа мы будзем гэта камунікаваць міжнародным партнёрам? Ім прапанавалі паведаміць міжнародным партнёрам, што ў нас вайна — гэта шмат што патлумачыць. Трэба сказаць, што тадышняе кіраўніцтва МЗС вельмі разважліва і цвяроза павяло сябе ў той сітуацыі, зрабіўшы сваю працу.
Міжнародныя партнёры асцярожна цікавіліся ў Мінабароны: а вы што, будзеце іх проста тапіць? Проста пад ваду? З бурбалкамі? Пазіцыя была вельмі празрыстая — не Украіна гэта пачала. Але ў Украіны дастаткова магчымасцяў, каб згуляць у гэтую гульню ўдвух. Крэйсер «Масква» не дасць схлусіць.
Чым скончылася? Расіяне і іх прыхлебнікі нешта там паплакаліся, а потым адпаўзлі. І зернавы калідор запрацаваў без іх.
Маральнае.
Убачыў паток каментарыяў двух тыпаў.
А як жа экалагічная экалогія?
А што, калі расіяне атакуюць нашы парты?
Па-першае, расіяне рыхтаваліся нарошчваць бесперапынныя (!) удары па нашых партах, не сумнявайцеся. Гэта быў наступны крок у серыі спроб абрынуць наш тыл. Але цяпер яны бачаць, што будзе ў адказ. Без лішніх слоў. І ўсе грузоадпраўнікі/атрымальнікі цяпер бачаць. Калі ўзнікне жаданне весці дыскусію на такім узроўні, гэта не будзе расійскі маналог. Пра гэта папярэдзілі больш за 2 гады таму.
Па-другое. Усе ва Украіне гэтыя лічбы ведаюць, прывяду яшчэ раз.
З 2022 года толькі ў Харкаўскай вобласці расійскія салдаты забілі 106 дзяцей. Сотні параненыя. Цудам колькасць загінулых не стала на дзесяткі больш пасля нядаўняй расійскай атакі на дзіцячы садок.
У выніку расійскага ракетнага ўдару па жылым доме ў Цярнопалі 19 лістапада загінула 35 чалавек, з іх — 7 дзяцей.
У выніку сённяшняй масіраванай атакі на Кіеў 2 чалавекі загінулі і 15 паранены. Расіяне забілі чалавека ў Берыславе, пакалечылі дзіця ў Запарожжы…
Гэта бясконцы спіс. Кожны дзень.
А шкода ўкраінскай прыродзе — увогуле неапісальная словамі.
Адна з прычын, чаму Расія дагэтуль здольная забіваць украінцаў і калечыць нашу зямлю, — гэта плыні крывавай нафты, якую з задавальненнем набываюць розныя краіны.
«Ценявы флот», які чамусьці ніхто не бачыць, ходзіць праз тэрытарыяльныя воды краін НАТА і забяспечвае мінімум траціну экспарту расійскай нафты. Як гэта растлумачыць?
Украіна даўно мае ўсе маральныя правы тапіць гэты флот паўсюль, таму што нам не пакінулі ніякага іншага выбару. Чым раней еўрапейскія партнёры закрыюць для расійскай нафты Балтыку, тым хутчэй скончыцца вайна і тым меншая шкода будзе нанесеная.
Ведаеце, што самае цікавае?
Міжнародная рэакцыя даволі стрыманая. Часткова даецца ў знакі субота. Але ў значнай меры таму, што ўсе разумеюць — Украіна бясконца мае рацыю, і нешта прад'яўляць з нагоды танкераў могуць толькі поўныя маральныя вырадкі.
Аляксей Копытько, «Фэйсбук»