Нетаньягу папрасіў прэзідэнта Ізраіля памілаваць яго
- 30.11.2025, 17:33
Прэм’ер краіны заявіў, што гэта «адновіць нацыянальнае адзінства».
Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньягу накіраваў афіцыйнае прашэнне аб памілаванні прэзідэнту краіны Іцхаку Герцагу, паведаміла ў нядзелю канцылярыя прэзідэнта.
Асобна ў відэазвароце Нетаньягу заявіў, што яго справа падзяліла краіну і памілаванне дапаможа аднавіць нацыянальнае адзінства. Ён таксама сказаў, што патрабаванне з’яўляцца ў суд тройчы на тыдзень адцягвае яго ад кіравання дзяржавай, паведамляе BBC.
На пачатку лістапада прэзідэнт ЗША Дональд Трамп накіраваў Герцагу ліст, у якім заклікаў яго «цалкам памілаваць» Нетаньягу. Трамп напісаў, што Нетаньягу «смела абараняў Ізраіль перад тварам моцных праціўнікаў» і што адцягваць яго ад кіраўніцтва краінай неапраўдана.
У Ізраілі прэзідэнт выконвае пераважна сімвалічныя функцыі, але адзін з канстытуцыйных законаў надае яму паўнамоцтвы «мілаваць злачынцаў і змякчаць і замяняць ім пакаранне».
Таксама раней Вярхоўны суд Ізраіля пастанавіў, што прэзідэнт можа карыстацца правам памілавання і ў дачыненні да асоб, якія не асуджаныя, калі гэтага патрабуюць інтарэсы грамадства або «надзвычайныя асабістыя абставіны».
«Канцылярыя прэзідэнта ўсведамляе, што гэта надзвычайны запыт, які мае сур’ёзныя наступствы. Пасля атрымання ўсіх адпаведных заключэнняў прэзідэнт адказна і шчыра разгледзіць гэты запыт», — заявіла канцылярыя Герцага, не ўдакладняючы, як хутка прэзідэнт зможа прыняць тое ці іншае рашэнне.
Адміністрацыя прэзідэнта апублікавала поўны тэкст запыту, які ўключае ліст, падпісаны прэм’ер-міністрам, і дакумент яго адваката аб’ёмам 111 старонак.