«Белтэхагляд» выпусціў некалькі папярэджанняў для вадзіцеляў
- 30.11.2025, 15:23
Яны датычацца, у тым ліку, прабегу аўтамабіля.
У «Белтэхаглядзе» зрабілі некалькі заяў для ўладальнікаў транспарту. Яны датычацца, у тым ліку, прабегу аўтамабіля і ўстаранення знойдзеных няспраўнасцяў пры тэхаглядзе.
Змены па зніжках
30 лістапада спыніцца дзеянне праграмы лаяльнасці, якая прадугледжвае зніжкі па пластыкавых картах (10%) і па сіліконавых магнітах на сярэбранай (20%) і залатой (30%) плёнцы.
«Змены датычацца зніжак фізічным асобам на ўсе віды кантрольна-дыягнастычных работ, — удакладняе арганізацыя. — Аднак гэта не азначае, што ў снежні аўтаўладальнікі застануцца без выгадных прапаноў. Прадпрыемства рыхтуе чарговую прапанову — старт спецыяльнай навагодняй акцыі, якая дасць яшчэ больш магчымасцяў прайсці тэхагляд з максімальнай выгодай».
Памылкі ў прабегу
Таксама ў арганізацыі зрабілі заяву аб карэкціроўцы няправільна зафіксаваных работнікамі «Белтэхагляду» паказанняў адометра — прылады, якая паказвае прабег транспарту. «Пры выяўленні няправільна зафіксаваных паказанняў адометра неабходна звярнуцца з адпаведнай заявай на дыягнастычную станцыю, на якой вы праходзілі дзяржаўны тэхнічны агляд», — паведамілі ў «Белтэхаглядзе» і дадалі, што зрабілі гэту заяву «ў сувязі з пачашчанымі пытаннямі па карэкціроўцы прабегу».
20 дзён на ўстараненне недахопаў
У арганізацыі таксама нагадалі ўладальнікам транспарту, якія не здолелі прайсці тэхагляд з-за выяўленых няспраўнасцяў, што ў іх ёсць 20 дзён на іх устараненне. «Па заканчэнні гэтага тэрміну вынікі агляду анулююцца, і праходзіць кантрольна-дыягнастычную лінію давядзецца нанова», — удакладнілі ў «Белтэхаглядзе».