Лукашэнка раптоўна знік у Амане
- 30.11.2025, 23:01
Дыктатар «знік з радараў» адразу пасля прыбыцця ў аэрапорт.
Неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі паведаміў пра яго прыбыццё ў Маскат 28 лістапада каля 19:30 па мінскім часе (каля 20:30 па мясцовым), аднак дагэтуль ніякай дадатковай інфармацыі пра ход «працоўнага візіту» не з'явілася ні ў беларускіх дзяржаўных СМІ, ні ў аманскіх медыя, адзначае «Позірк».
У паведамленні заяўлялася, што дыктатара ў аэрапорце сустрэў прэзідэнт аманскага інвестыцыйнага агенцтва Абдульсалам аль-Муршыдзі. Аднак рэсурсы гэтага ведамства ні пра гэта, ні пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў краіну ўвогуле не згадваюць.
Адсутнічае інфармацыя пра прыбыццё беларускага дыктатара таксама на сайтах МЗС Амана, манаршай канцылярыі.
У ключавых СМІ — Oman News Agency, Al Watan, Oman, Times of Oman, Oman Daily Observer, Muscat Daily, Oman Tribune — няма ніякай інфармацыі, якая б тычылася дзейнасці Лукашэнкі ў Амане або хаця б фіксавала яго знаходжанне ў краіне.
Прэс-служба Лукашэнкі 29 лістапада распаўсюдзіла толькі тры паведамленні — віншаванне на адрас прэзідэнта Палестыны Махмуда Абаса з Міжнародным днём салідарнасці з палестынскім народам, а таксама спачуванні: прэзідэнту Інданезіі Прабово Субіянта — у сувязі з шматлікімі ахвярамі ў выніку ліўняў і апоўзняў на Суматры, каралю Тайланда Махе Вачыралонгкорну — у сувязі з ахвярамі ў выніку паводак.
Лукашэнка вылецеў у Аман з М'янмы, куды прыбыў з двухдзённым афіцыйным візітам 27 лістапада — адразу пасля саміту Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які прайшоў у Кыргызстане. Паведамлялася, што далей ён мае намер наведаць краіны Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі.