У Беларусі заўважылі незвычайнага дразда
- 3.11.2025, 20:08
Новы від?
У Полацкім раёне зафіксаваныя дзве птушкі, вельмі падобныя на бурага дразда (Turdus eunomus). Як паведамляе тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач», з дапамогай фотапасткі перанатых зняў фотаанімаліст і відэаблогер Аляксандр Эрдман.
Удакладняецца, што буры дразд вонкава падобны да белаброўніка, які водзіцца ў Беларусі, але буйнейшы.
– Від распаўсюджаны ў лясатундры Сібіры, а зімуе звычайна ў Паўднёвай Азіі, – гаворыцца ў паведамленні. – Часам сібірскія дразды могуць залятаць увосень у Еўропу.
Беларускай арніта-фаўністычнай камісіі (БАФК) належыць вырашыць, ці стане гэтая птушка 345-м відам у спісе птушак Беларусі. Нагадаем, 344-ы пункт у ім з’явіўся ў кастрычніку, калі ў краіне выявіўся белашый дразд, які гняздуецца ў Скандынавіі, а зімуе ў Міжземнамор’і. Яго таксама заўважылі ў Віцебскай вобласці.