«Мы на рынку працы Літвы і Польшчы вельмі запатрабаваныя»
- 3.11.2025, 19:27
Беларускія дальнабойшчыкі распавялі пра ўмовы працы ў ЕС.
Нашы суседзі з ЕС па чарзе закрываюць памежныя пераходы. Тым часам з’яўляюцца новыя банкаўскія абмежаванні ў дачыненні да беларусаў. На фоне такіх навін «Зеркало» пацікавілася ў дальнабойшчыкаў-суайчыннікаў, якія працуюць у Еўразвязе, ці ўплываюць перакрытыя межы і праблемы з рахункамі на іх працу.
«Круг прыблізна на 150 кіламетраў, затое не трэба чакаць выезду суткамі»
Мікалай звычайна працуе па чатыры месяцы, а потым два адпачывае. З занятасцю цяпер усё добра, прызнаецца ён.
— Праца ёсць без якіх-небудзь праблем. Кампанія аплачвае ўсе прастоі, выходныя. Сярэдні заробак выходзіць да 3 тыс. еўра ў месяц (да 10 340 рублёў паводле курсу Нацбанка на 3 лістапада. — Заўв. рэд.). Пры гэтым мы жывём у гатэлі, кожны ў асобным нумары, ёсць усе зручнасці. І ездзім звычайна па 8–9 гадзін на дзень. То бок двое на адной машыне змяняюцца: адзін у дарозе, а другі ў гэты час адпачывае ў гатэлі.
Закрыццё літоўскай мяжы Мікалаю не стварыла дадатковых цяжкасцяў. Ён і раней стараўся не ехаць праз яе дадому або на працу, бо там заўсёды былі вялікія чэргі. Замест гэтага ён з Беларусі едзе праз Латвію — там мяжу ўдаецца прайсці значна хутчэй.
— Гэта аб’езд, затое не трэба чакаць выезду суткамі. Дарогі па Латвіі і Літве не такія хуткасныя, як у Польшчы, але ўсё адно так прасцей дабірацца да працы. А месца працы ў мяне больш чым за 2 тыс. кіламетраў ад дому. І чакаць некалькі сутак на сваёй машыне на мяжы — такое сабе.
З кадэнцыі на радзіму беларус выбірае шлях праз Польшчу, каб без праблем везці дамоў наяўныя еўра — там няма абмежаванняў.
— У Латвіі спачатку пытаюцца, а потым прыходзіць службовы сабака, які абшуквае машыны. І калі ты кажаш, што ёсць еўра, цябе разварочваюць мяняць іх на долары. А калі не скажаш і знойдуць — аж да канфіскацыі, — тлумачыць кіроўца.
У беларуса адкрыты рахунак у звычайным еўрапейскім банку, у тым ліку таму яго не закранулі абмежаванні анлайн-банка Revolut. У мужчыны ёсць від на жыхарства адной з краін ЕС. Там, паводле слоў суразмоўцы, яму без праблем якраз цяпер мяняюць картку на новую.
— А так ніякіх праблем у сувязі з маім грамадзянствам я не адчуваў па банкаўскім рахунку, не было ніякіх патрабаванняў нешта пацвердзіць.
— У ЕС для беларусаў усё залежыць ад канкрэтнага чалавека. Калі ён нацэлены на працу, хоча працаваць, калі ён будзе добрасумленным работнікам, магчыма, у нейкім месцы не атрымаецца, — разважае Мікалай. — Але ў любым выпадку можна будзе знайсці нармальнае месца працы, бо добрых работнікаў цэняць, з імі стараюцца лічыцца, улічваць іх інтарэсы. Тым больш што кіроўцы ў Еўропе дагэтуль у дэфіцыце. Лічу, што гэта добра, бо пры працы раней у Беларусі 3 тыс. еўра для мяне былі практычна гадавым заробкам. Я жыву ў невялікім горадзе. А тут столькі магу атрымліваць за месяц, пры гэтым без якога-небудзь фізічнага і эмацыйнага напружання зусім. Таму я лічу, што калі чалавек адэкватны, калі ён хоча працаваць, то ў Еўропе ён заўсёды можа знайсці сабе месца без пытанняў.
«З-за палітычнай абстаноўкі, натуральна, з’явіліся дадатковыя цяжкасці з дакументамі».
Мікалай распавёў, што прыблізна такія ж грошы можна зарабляць у Расіі, да таго ж там не так складана з дакументамі, бо не патрэбныя візы або від на жыхарства, якія трэба рэгулярна абнаўляць.
— Але за кошт таго, што тут (у краінах ЕС. — Заўв. рэд.) праца ідзе паводле рэжыму працы і адпачынку, тут працаваць значна прасцей. То бок кожны дзень я ведаю, што змагу і адпачыць, і паспаць, і што ў мяне будуць выходныя. Ды і ў цэлым працаваць значна прыемней, і больш адэкватнае стаўленне да сябе атрымліваеш, чым у Расіі.
«Асаблівых праблем не адчуў. Хіба што дробныя няладкі».
Павал прыехаў на новую кадэнцыю якраз у канцы кастрычніка. І закрытая літоўская мяжа ледзь не стала праблемай:
— Мы да канца не разумелі, што будзе з мяжой. Але высветлілася, што з літоўскім ВНЖ яе можна перасякаць. А ў многіх кіроўцаў, якія працуюць на літоўскія фірмы, ён ёсць.
На памежным пераходзе давялося прастаяць каля сямі гадзін, яшчэ дзве пайшлі непасрэдна на перасячэнне мяжы.
— Пуста, машын няшмат, рухаліся толькі ў напрамку Літвы, але было павольна. А ўсяго за пару дзён да гэтага калегі ехалі — казалі, што прайшлі за адну гадзіну разам з часам адстойніка.
Вяртацца дадому Паўалу давядзецца больш чым праз два месяцы — невядома, якая да таго часу будзе сітуацыя на межах. Яго знаёмыя распавядалі, што з гэтым складаней, чым з выездам з Беларусі.
Што да фінансаў, то і тут беларусу пашанцавала — у яго ёсць картка літоўскага банка, таму блакіроўка Revolut яго не закранула. Ён таксама лічыць, што многія кіроўцы з Беларусі, якія працуюць у суседняй краіне ЕС, адкрываюць рахункі ў мясцовых банках, таму, мяркуе Павал, верагодна, большасці з іх гэтая праблема таксама не закранула.
— Асаблівых праблем я не адчуў. Хіба толькі нейкія дробныя няладкі. Праблемы я бачу толькі з боку нашай улады. Столькі непрыемнасцяў яна стварае на межах ЕС, плюс гэтыя выказванні ў іх бок. Усё астатняе — гэта наступствы. Дык што будзем працаваць тут да апошняй магчымасці. Мы на рынку працы Літвы і Польшчы вельмі запатрабаваныя. У Расію ехаць зусім не хочацца, а дома — хутчэй алкагалізм ад беднасці і бяздзейнасці.
«З візай дапамагла фірма — пашанцавала»
Глеб таксама прызнаўся, што на сабе адчуў наступствы закрыцця межаў. Давялося рабіць вялікі аб’езд і ехаць у Літву праз польскую мяжу, што даўжэй і даражэй.
— Калі ехаў на працу, Літва абмяжоўвала праезд, з-за гэтага на польскай мяжы былі вялікія чэргі з аўтобусаў. І хоць я пастаянна дабіраюся на працу аўтобусам, тады ў жніўні давялося падсаджвацца да чалавека, у якога ўжо падыходзіла электронная чарга, — кажа Глеб. — Тут такая сітуацыя, што ў любым выпадку пакутуюць усе: калі Польшча закрывае мяжу, то ўся Беларусь едзе праз Літву, і там атрымліваецца калапс; і дакладна наадварот, калі праезд закрывае Літва.
Пра праблемы з рахункамі кіроўца нават не чуў. Таму калі яго гэта і датычыцца, «яшчэ давядзецца пра гэта даведацца».
— Я так працую з 2020-га. У цэлым па працы за гэтыя гады нічога не змянілася. Але з-за палітычнай абстаноўкі, натуральна, з’явіліся дадатковыя складанасці з дакументамі. Камусьці ў Літве не даюць або ўвогуле забіраюць ВНЖ, у Польшчы ж праблематычна адкрыць візу. Мяне мінулы раз дапамагла адкрыць яе мая фірма. Яна вялікая і можа сабе такое дазволіць, калі зацікаўленая ў сваіх работніках, таму з гэтым мне пашанцавала.