У расійскіх алігархаў, якія трапілі пад санкцыі, знайшлі дзясяткі не арыштаваных асабнякоў у Вялікабрытаніі
- 3.11.2025, 15:31
Іх кошт дасягае 700 мільёнаў фунтаў.
Нерухомасць на суму каля 700 млн фунтаў, раней звязаная з расійскімі алігархамі, што трапілі пад санкцыі, па-ранейшаму не замарожаная, высветліла брытанскае падраздзяленне Transparency International. Аналітыкі арганізацыі выявілі 33 аб’екты нерухомасці — дамы, кватэры і офісныя будынкі — размешчаныя ў Лондане і графстве Сурэй, якія не былі ўнесеныя ў брытанскі рэестр замарожаных актываў. Сярод іх — асабняк Witanhurst у Хэмпстэдзе, другі па велічыні дом у Лондане пасля Букінгемскага палаца. Гэты аб’ект, як сцвярджаецца, звязаны з уладальнікам групы «ФосАгро» Андрэем Гур’евым, аднак яго прадстаўнікі гэта адмаўляюць, піша The Moscow Times.
У справаздачы таксама згадваецца асабняк коштам 90 млн фунтаў у Кенсінгтан-Пэлас-Гардэнс, які, меркавана, належыць мільярдэру Раману Абрамовічу. Паводле Зямельнага рэестра, уласнікам лічыцца кіпрская кампанія A. Corp Trustee, якая ў якасці адраса пазначыла будынак на стадыёне «Чэлсі», якім раней валодаў Абрамовіч.
Кіраўнік даследавання Бэн Каўдок у каментары для партала City A.M. адзначыў: «Шмат якія аб’екты, на якія не накладзеныя абмежаванні, належаць афшорным кампаніям, зарэгістраваным на трасты». Ён дадаў, што ў шэрагу выпадкаў нерухомасць можа знаходзіцца ва ўласнасці сваякоў фігурантаў санкцыйных спісаў, што дазваляе фармальна абыходзіць абмежаванні. «Тэарэтычна ўрад Вялікабрытаніі мае магчымасць вывучаць паходжанне актываў, але на практыцы такія інструменты фактычна адсутнічаюць. У цэлым застаецца праблема карпаратыўнай непразрыстасці, што перашкаджае эфектыўна кантраляваць гэтыя актывы», — падкрэсліў Каўдок.
Паводле даных Transparency International, тры аб’екты нерухомасці наўпрост належаць людзям, чые імёны супадаюць з прозвішчамі фігурантаў санкцыйных спісаў. «Станавіцца ўсё цяжэй патлумачыць, чаму адносна гэтых асоб дагэтуль не прымяняюцца меры», — дадаў эксперт.
Прадстаўнік Упраўлення па ажыццяўленні фінансавых санкцый Вялікабрытаніі (OFSI) заявіў: «OFSI прымае прымусовыя меры па кожным зафіксаваным выпадку меркаванага парушэння рэжыму санкцый, незалежна ад таго, ці пазначаныя аб’екты як замарожаныя ў Зямельным рэестры, ці не. Мы працягваем пераследаваць карумпаваных прыхільнікаў Пуціна і ключавыя расійскія прадпрыемствы. На дадзены момант уведзены санкцыі супраць больш як 1 200 фізічных асоб і звыш 120 юрыдычных асоб — гэта найбольш маштабныя і строгія эканамічныя меры ў гісторыі Вялікабрытаніі».
Ужо арыштаваныя актывы пакуль не знайшлі прымянення. Урад Вялікабрытаніі павінен канфіскаваць лонданскую нерухомасць, якая належыць расіянам, абвінавачаным у карупцыі і сувязях з Крамлём, заяўляў мэр брытанскай сталіцы Садык Хан. Мэр адзначыў, што атрыманыя сродкі можна накіраваць на фінансаванне будаўніцтва 4 тыс. дамоў для малазабяспечаных слаёў насельніцтва.