BE RU EN

Навукоўцы знайшлі ген, які дапамагае сэрцу аднаўляцца

  • 3.11.2025, 14:50

Ён «паварочвае час назад» для клетак.

Ген цыклін A2 (CCNA2), які звычайна выключаецца пасля нараджэння, здольны зноў запускаць дзяленне клетак сэрца і аднаўляць пашкоджанні пасля інфаркту і сардэчнай недастатковасці. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з бальніцы Маунт-Сінай. Вынікі даследавання апублікаваныя у npj Regenerative Medicine (RM).

У ходзе эксперыментаў навукоўцы высветлілі, што актывацыя CCNA з дапамогай бяспечнага віруснага вектара стымулюе дзяленне клетак сардэчнай мышцы ў дарослых людзей сярэдняга ўзросту. Гэта першае сведчанне таго, што клеткі сэрца, якія лічыліся няздольнымі да рэгенерацыі, можна прымусіць фарміраваць новыя функцыянальныя тканкі.

У эксперыменце выкарыстоўваліся клеткі сэрца донараў ва ўзросце 21, 41 і 55 гадоў. Тэрапія з выкарыстаннем цыкліну A2 актывавала дзяленне клетак у старэйшых удзельнікаў, але не паўплывала на маладое сэрца 21-гадовага донара, што адпавядае папярэднім дадзеным пра натуральны рэгенератыўны патэнцыял маладых сэрцаў.

Раней каманда пад кіраўніцтвам доктара Хесса Чаудры ўпершыню прадэманстравала магчымасць аднаўлення сэрца буйнога млекакормячага (свінні) пасля інфаркту шляхам рэактывацыі CCNA2. Новая праца стала злучальным звяном, пацвердзіўшы, што той самы механізм можна бяспечна прымяніць і да чалавечых клетак.

Паводле слоў даследчыкаў, CCNA2 актывуе гены росту, часова «паварочваючы час назад» для клетак сэрца, каб яны маглі дзяліцца, не губляючы зрэласць і не выклікаючы патаўшчэння тканак. Такі падыход, адзначаюць аўтары, адкрывае шлях да пераходу ад лячэння сімптомаў да рэальнага аднаўлення сардэчнай мышцы.

Апошнія навіны