Пакістанцы падманулі Лукашэнку
- 3.11.2025, 21:18
Жыхары гэтай краіны не хочуць працаваць у Беларусі.
Лукашэнка спрабаваў дамовіцца з уладамі Пакістана аб арганізацыі масавага прытоку людзей адтуль у Беларусь, каб закрыць дэфіцыт кадраў. Аднак, судзячы па статыстыцы, пакістанцы не хочуць прыязджаць у нашу краіну.
У студзені—верасні ў Беларусь прыехаў 32 381 працоўны мігрант. Для параўнання: за ўвесь мінулы год іх прыбыло 33 818.
З тых, хто за дзевяць месяцаў бягучага года папоўніў рады работнікаў, амаль палова — 14,9 тыс. — грамадзяне Туркменістана. На другім месцы — Расія, адкуль прыбылі 3435 чалавек. Далей ідзе Украіна (2916). У пяцёрку таксама ўваходзяць Узбекістан (2593) і Кітай (2548). З кожнай іншай краіны да нас прыехала працаваць менш за тысячу замежнікаў.