З’явіліся спадарожнікавыя фота наступстваў атакі ЗСУ на порт у Туапсэ
- 3.11.2025, 9:47
Ёсць трапленне ў трубаправод, пашкоджаны танкер.
Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі вынікі ўдараў Сіл абароны па Туапсінскім порце ў ноч на 2 лістапада. Як мінімум два трапленні прыйшліся ў трубаправод нафтаналіўнага тэрмінала «Транснефть».
Пашкоджанні атрымаў таксама нафтавы танкер. Пра наступствы атакі паведаміў Telegram-канал Exilenova+.
У Telegram-канале апублікавалі спадарожнікавыя здымкі Airbus, якія зафіксавалі наступствы нанесеных напярэдадні ўкраінскімі воінамі ўдараў па Туапсэ Краснадарскага краю РФ.
«Пасля ўчорашняй атакі на Туапсінскі порт спадарожнікавыя здымкі Airbus фіксуюць як мінімум два трапленні ў трубаправод нафтаналіўнага тэрмінала «Транснефть», – адзначана ў паведамленні.
Пашкоджаны, сцвярджаюць у Exilenova+, і нафтавы танкер, што знаходзіўся ля прычала.
«З-за якасці здымкаў пакуль немагчыма дакладна вызначыць ступень разбурэнняў», – удакладнілі ў Telegram-канале.
Таксама, паводле даных канала, у выніку атакі адбылася ўцечка нафты ў мора.
Туапсінскі нафтаналіўны тэрмінал размешчаны ў акваторыі Туапсінскага марскога порта (Краснадарскі край). Эксплуатуецца ён кампаніяй АО «Черномортранснефть», якая ўваходзіць у структуру ПАО «Транснефть».
«Гэта адзін з асноўных экспартных тэрміналаў поўдня Расіі, які забяспечвае адгрузку нафты на экспарт праз Чорнае мора. Тэрмінал здольны апрацоўваць да 7 мільёнаў тон у год», – падсумавалі ў Exilenova+.