BE RU EN

Пуцін устанавіў крайні тэрмін захопу Пакроўска

  • 3.11.2025, 6:11

Генерал распавёў пра мэты Крамля.

Нелегітымны прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паставіў задачу сваёй акупацыйнай арміі захапіць усю Пакроўскую агламерацыю і працягнуць наступ у напрамку Краматорска. Пра гэта 2 лістапада распавёў генерал арміі Украіны Мікалай Маламуж у эфіры тэлеканала «Кіеў24».

У прыватнасці, гаворка ідзе пра планы захопу Пакроўска і Мірнаграда, сказаў генерал. Паводле яго слоў, ёсць даныя, што Пуцін паставіў задачу захапіць гэтыя населеныя пункты да 15 лістапада.

Мэта Пуціна — прадэманстраваць дасягненні на полі бою і паказаць суайчыннікам і партнёрам, што ён мае перавагу. Гэта адбываецца на фоне змены пазіцый прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і ягонай сустрэчы з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам, адзначыў Маламуж. Адначасова Крэмль наступальнымі дзеяннямі і ўдарамі па грамадзянскай інфраструктуры імкнецца аслабіць дух украінцаў, падарваць эканоміку і прымусіць свет аслабіць падтрымку Кіева. Такая ж мэта і ў дэманстрацыі РФ свайго ўзбраення, уключаючы ядзерную зброю, сказаў генерал.

«Для Пуціна захопы Пакроўска, Мірнаграда, а далей Канстанцінаўкі і ўсяго Данецкага рэгіёна — гэта не толькі ваенны, але і ваенна-палітычны вынік, якога ён сёння дабіваецца ўсімі сродкамі. Ён кінуў туды разам з іншымі рэсурсамі яшчэ 17 тыс. [акупантаў], якія непасрэдна ўдзельнічаюць у атаках на Пакроўск і Мірнаград. Спрабуюць перарэзаць лагістычныя шляхі і такім чынам стварыць мадэль акружэння або паўакружэння. Гэта ім не ўдаецца», — распавёў ён.

Апошнія навіны