Польшча вывела на арбіту Зямлі першы ваенны спадарожнік ад кампаніі ICEYE
- 29.11.2025, 17:38
Яго вывелі ў космас з дапамогай ракеты Falcon 9.
На арбіту паспяхова вывелі спадарожнік кампаніі ICEYE, які будзе першым ваенным спадарожнікам Польшчы.
Як паведамляе TVN24, пра гэта абвясціў заснавальнік і кіраўнік кампаніі Рафал Моджэўскі.
Моджэўскі паведаміў, што ў пятніцу а 19:40 спадарожнік адправіўся на арбіту з дапамогай ракеты Falcon 9, якую запусцілі з Каліфорніі. Усяго на ёй вывелі ў космас 140 спадарожнікаў. Акрамя згаданага ICEYE, гэта таксама польскі наноспадарожнік SatRev PW6U для атрымання шматспектральных выяў Зямлі і апрацоўкі дадзеных на арбіце, а таксама тры наноспадарожнікі PIAST для аптычнага назірання.
— Можу пацвердзіць — сувязь усталявана, усе сістэмы спраўныя. ICEYE X62 (польскую назву яшчэ абяруць), першы ваенны спадарожнік Польшчы, ужо на арбіце і працуе, — паведаміў Моджэўскі.
Раніцай у суботу ў ICEYE пацвердзілі, што ўсталявалі сувязь з усімі выведзенымі на арбіту спадарожнікамі, у тым ліку для польскага войска, і пачынаюць тэставанне і каліброўку.
— Пасля завяршэння гэтых працэдур спадарожнік будзе перададзены ў карыстанне Узброеным сілам, — напісаў прадстаўнік ICEYE Войцэх Мачкоўскі.
Гэты спадарожнік з тэхналогіяй SAR павінен палепшыць разведвальныя магчымасці польскага войска: ён дазваляе атрымліваць выявы пры любым надвор'і і ў любы час сутак, у адрозненне ад аптычных сродкаў.