Пад Гроднам у пенсіянеркі пасля ўжывання грыбоў пажоўклі вочы
- 29.11.2025, 11:45
Жанчына займалася самалячэннем сем дзён.
Пенсіянерка з аграгарадка Путрышкі Гродзенскага раёна атруцілася смажанымі грыбамі-свінушкамі, у народзе вядомымі як кабылкі, паведаміў дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 4. Гродна».
Жанчына займалася самалячэннем сем дзён і звярнулася да медыкаў толькі тады, калі ў яе пажоўклі бялкі вачэй.
«Устаноўлена, што атручэнне звязана з ужываннем адвараных, а затым абсмажаных грыбоў-кабылак хатняга прыгатавання. На працягу тыдня ў жанчыны адзначаліся агульная слабасць і млоснасць, але па медыцынскую дапамогу яна не звярнулася. Пасля з'яўлення болю ў жываце і жаўтлявасці скурных пакроваў пацярпелая звярнулася ў дзяржаўную ўстанову аховы здароўя і была гаспіталізавана», — паведаміла інжынер аддзялення гігіены харчавання абласной санітарна-эпідэміялагічнай службы Вольга Міхеева.
Падкрэсліваецца, што свінушка дзейнічае як бомба запаволенага дзеяння — таксін назапашваецца ў арганізме і выклікае моцную аўтаімунную рэакцыю, знішчаючы печань і ныркі.
Раней грыб-свінушка лічыўся ўмоўна ядомым і ўжываўся ў ежу, але пасля даследаванняў 1980-х гадоў аднесены да смяротна небяспечных — менавіта з-за таго, што выклікае адкладзеныя аўтаімунныя паталогіі.