Сёння — гадавіна пачатку Лістападаўскага ўзброенага паўстання 1830–1831 гадоў
- 29.11.2025, 10:32
Паўстанне стала першай пасля Касцюшкі спробай адрадзіць незалежнасць ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Паўстанне 1830–1831 гадоў — нацыянальна-вызвольнае паўстанне супраць улады Расійскай імперыі на тэрыторыі Каралеўства Польскага, Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны.
У гады Напалеонаўскіх войнаў на польскіх землях было створана Варшаўскае герцагства (пазней Каралеўства Польскае), Напалеон падтрымліваў стварэнне Часовага ўрада ВКЛ. Напалеонаўскія войны спрыялі ўздыму патрыятычных настрояў на землях ВКЛ, Рэчы Паспалітай і ў Расійскай імперыі (Паўстанне дзекабрыстаў 1825 года).
Асэнсаванне страты дзяржаўнасці, якое падмацоўвала сістэма адукацыі, арыентаваная на ліцвінскую культуру (у Віленскім універсітэце, Полацкай езуіцкай акадэміі, у большасці школ выкладанне вялося па-польску), фармавала патрыятычныя настроі ў асяроддзі беларускай шляхты, выклікала пратэст супраць расійскага панавання, нараджала імкненне да барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай.
Ствараліся патрыятычныя суполкі — філаматы ў Вільні, Патрыятычнае таварыства ў Польшчы. У Каралеўстве Польскім, якое мела свой сейм і войска, рух ахопліваў многіх армейскіх афіцэраў, шляхту, студэнцтва.
Ліпеньская рэвалюцыя 1830 года ў Францыі стала каталізатарам. У Каралеўстве Польскім 29 лістапада 1830 года ўспыхнула паўстанне. За кароткі час уся яго тэрыторыя была вызвалена ад расійскай улады.
У Беларусі і Літве дзейнічала каля 30 паўстанцкіх атрадаў, якія налічвалі 12 тыс. чалавек. Сярод інсургентаў былі такія людзі, як Напалеон Орда, Ігнацы Дамейка, Эмілія Плятэр. Старшынём Часовага ўрада Літвы быў Тадэвуш Тышкевіч — «граф на Лагойску і Бярдычаве».
На пачатку жніўня 1831 года на ўсёй тэрыторыі Беларусі паўстанне было падаўлена. Многія актыўныя паўстанцы, у тым ліку з тэрыторыі сучаснай Беларусі, пакінулі радзіму і пазней удзельнічалі ў барацьбе за свабоду ў розных краінах Еўропы.