Беларускіх гімнастаў дапусцілі да еўрапейскіх турніраў
- 29.11.2025, 3:59
Раней беларусы маглі выступаць у нейтральным статусе толькі на турнірах Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі.
Беларускіх спартсменаў разам з расійскімі спартсменамі дапусцілі да турніраў пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі гімнастыкі (European Gymnastics), паведамілі ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.
Адпаведнае рашэнне прынялі на 31‑м кангрэсе European Gymnastics у Празе.
Раней беларусы маглі выступаць у нейтральным статусе толькі на турнірах Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG), але не еўрапейскай. Гэта каштавала ім удзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы, бо адбор на іх праходзіў на чэмпіянаце Еўропы, да якога беларускія атлеты дапушчаны не былі.
Пастанова European Gymnastics аб допуску беларусаў і расіян да спаборніцтваў уступіць у сілу 1 студзеня 2026 года.