BE RU EN

У Варшаве пасля пяці гадоў рамонту адкрылі адзін з найбуйнейшых вакзалаў Польшчы

  • 28.11.2025, 23:00

Ён знаёмы многім беларусам.

У Польшчы завершылі мадэрнізацыю аднаго з найбуйнейшых чыгуначных вакзалаў. У пятніцу, 28 лістапада, абноўленую станцыю Варшава Захадняя (Warszawa Zachodnia) афіцыйна адкрылі, паведаміла кампанія PKP (Polskie Linie Kolejowe).

Пяцігадовую рэканструкцыю афіцыйна завяршылі адкрыццём падземнага пераходу даўжынёй каля 500 метраў, які злучае станцыю з раёнамі Ахота і Воля. Гэта найдаўжэйшы пасажырскі тунэль на польскай чыгунцы.

Фота: PLK
Фота: PLK

Міністр інфраструктуры Дар'юш Клімчак адзначыў, што абноўленая станцыя стала адной з самых сучасных у Еўропе. Нягледзячы на маштабы работ, рух цягнікоў і абслугоўванне пасажыраў працягваліся без перапынкаў.

Агульная вартасць інвестыцый склала каля 2,5 млрд злотых (амаль 600 млн еўра), праект сафінансаваў Еўрапейскі саюз.

Вакзал Warszawa Zachodnia ў дзень яго адкрыцця наведаў прэм'ер Польшчы Дональд Туск.

«Паглядзіце. Уражвае, ці не праўда?» — сказаў ён, паказваючы абноўленую інфраструктуру.

У межах мадэрнізацыі, у прыватнасці:

→ абноўлены платформы 1–7 і пабудавана новая платформа 8, а старая платформа 8 атрымала нумар 9;

→ пабудаваны тры новыя чыгуначныя маставыя пераходы, абноўлена 36 км пуцей і ўсталявана 137 стрэлак.

Новыя рашэнні таксама накіраваны на павышэнне камфорту пасажыраў: ліфты, эскалатары і новы пешаходны мост забяспечваюць зручны доступ да платформаў. Веласіпедысты могуць скарыстацца пандусамі і спіральным спускам.

Фота: PLK
Фота: Kolejowy Portal
Фота: PLK

Адметнасцю абноўленага вакзала з'яўляецца яго велізарны дах плошчай 2,5 га, амаль палова якога пакрыта сонечнымі панэлямі. Гэта адно з найбуйнейшых падобных рашэнняў у Еўропе. Сонечная энергія забяспечвае да 30% энергетычных патрэбаў Warszawa Zachodnia.

Фота: PLK
Фота: PLK

Станцыя Warszawa Zachodnia абслугоўвае да тысячы рэйсаў у дзень – больш, чым Цэнтральны вакзал у Варшаве (Warszawa Centralna). У Польшчы няма іншага вакзала з такой колькасцю прыгарадных, рэгіянальных і міжгародніх рэйсаў. Кожны пяты цягнік, які рухаецца па Польшчы, спыняецца на гэтай станцыі.

Фота: PLK
Фота: Kolejowy Portal
Фота: PLK

Апошнія навіны