Яшчэ адзін расійскі самалёт зламаўся ў паветры
- 28.11.2025, 17:43
Магла адбыцца ўцечка паліва.
Самалёт «Аэрафлота», які выконваў рэйс Іркуцк — Масква, быў вымушаны экстрана прызямліцца у пермскім аэрапорце Вялікае Савіна, паведаміла прэс-служба авіякампаніі. Мова ідзе пра борт SU-1563, на якім знаходзіліся 158 пасажыраў. Як удакладняе перавозчык, камандзір прыняў рашэнне пра пазапланавую пасадку з-за індыкацыі павышанага расходу паліва, што магло сведчыць пра магчымую ўцечку. Пасадка прайшла ў штатным рэжыме а 15:32 па Мінску, а з Масквы ў Перм адправілі рэзервовы самалёт, які павінен вылецець назад у сталіцу а 20:30 па мясцовым часе, піша The Moscow Times.
У студзені аналагічны інцыдэнт адбыўся з рэйсам SU 2131, які накіроўваўся са Стамбула ў Маскву: самалёт экстрана сеў у Астрахані з-за тэхнічнай няспраўнасці. У красавіку зламаўся яшчэ адзін самалёт авіякампаніі: паветранае судна, што ляцела па маршруце Масква — Дэнпасар, запатрабавала аварыйную пасадку ў Шарамецьеве пасля адмовы рухавіка, пісаў «112».
Да гэтага, 29 сакавіка, Airbus A320 «Аэрафлота» здзейсніў вымушаную пасадку ў саратаўскім аэрапорце «Гагарын» пасля спрацоўвання сістэмы, якая сігналізавала пра магчымую разгерметызацыю. 10 лютага Boeing гэтай жа авіякампаніі, які ляцеў з Пхукета (Тайланд) у Маскву, быў вымушаны вярнуцца ў Бангкок праз некалькі гадзін палёту — Thai PBS паведамляў, што прычынай стала няспраўнасць сістэмы шасі.
Пасля пачатку Уладзімірам Пуціным вайны ва Украіне і наступных санкцый ЗША і ЕС тэхнічны стан расійскага авіяпарку прыкметна пагоршыўся. «Новая газета. Еўропа» пісала, што за 11 месяцаў 2024 года ў Расіі зарэгістравалі 208 авіяінцыдэнтаў — на 25% больш, чым годам раней, пры гэтым амаль палова выпадкаў была звязана з адмовамі рухавікоў або няспраўнасцю шасі.