Чаму некаторыя людзі не могуць перастаць «круціць» думкі ў галаве ўначы?
- 27.11.2025, 20:17
Навукоўцы высветлілі.
Аўстралійскія даследчыкі выявілі, што хранічнае бяссонне можа быць звязанае з парушэннямі натуральных цыркадных рытмаў разумовай актыўнасці. Гэта знаходка тлумачыць, чаму ў многіх людзей думкі працягваюць «круціцца» ў галаве нават глыбокай ноччу. Праца апублікаваная ў часопісе Sleep Medicine.
Ад бяссоння церпіць каля 10% насельніцтва, а сярод пажылых людзей — да трэці. Многія апісваюць свае начныя станы як «перагружаны», непадкантрольны паток думак. Да гэтага часу гэта звязвалі з так званай кагнітыўнай гіперактывацыяй, але яе паходжанне заставалася незразумелым.
Навукоўцы Універсітэта Паўднёвай Аўстраліі ўпершыню прасачылі, як на працягу 24 гадзін змяняецца характар разумовай актыўнасці ў пажылых людзей з бяссоннем у параўнанні са здаровымі добраахвотнікамі.
Пад строгім лабараторным кантролем 32 ўдзельнікі (16 з хранічным бяссоннем і 16 без парушэнняў сну) правялі суткі ў стане няспання ў пасцелі, пры цьмяным асвятленні, з фіксаванымі прыёмамі ежы і без вонкавых раздражняльнікаў. Кожную гадзіну яны апісвалі свае думкі: іх змест, эмацыйнасць і ступень кантролю.
Абедзве групы прадэманстравалі характэрныя сутачныя ваганні: пік разумовай актыўнасці — удзень, спад — ранняй раніцай. Але ў людзей з бяссоннем выявіліся ключавыя адрозненні.
«У здаровых удзельнікаў думкі на працягу сутак пераходзілі ад дзённага, мэтанакіраванага характару да вячэрняга «адключэння». У людзей з бяссоннем гэты спад адбываўся значна слабей», — адзначыў кіраўнік даследавання прафесар Курт Лашынгтон.
Акрамя таго, у іх «пік» разумовай актыўнасці зрушваўся амаль на шэсць з паловай гадзін — мозг нібыта працягваў працаваць у дзённым рэжыме позна ўвечары, калі ён павінен быў рыхтавацца да сну.
«Сон — гэта стан, у якім мозг павінен адыходзіць ад мэтанакіраваных думак і эмоцый. У людзей з бяссоннем гэты працэс аслаблены і запаволены», — дадаў Лашынгтон.
Па яго словах, усё сведчыць пра парушэнне цыркадных механізмаў, якія дапамагаюць мозгу «выключацца» ўначы.