BE RU EN

Названая схаваная прычына высокага ціску ў мільёнаў пацыентаў

  • 27.11.2025, 20:02

Падрабязнасці.

Брытанскія даследчыкі з Універсітэцкага каледжа Лондана стварылі новы хуткі ПЭТ-КТ-тэст, які дазваляе дакладна выявіць лішак гармона альдастэрону — схаваную прычыну высокага ціску ў велізарнай колькасці пацыентаў. Даследаванне апублікавана ў часопісе New England Journal of Medicine (NEJM).

Прыблізна чвэрць людзей з падвышаным ціскам могуць мець праблему з наднырачнікамі, якія выпрацоўваюць занадта шмат альдастэрону. Гэты гармон прымушае арганізм затрымліваць соль і тым самым павышае ціск.

Першасны гіперальдастэронізм — недаацэненая прычына гіпертэнзіі, якая павялічвае рызыку інфаркту, інсульту і захворванняў нырак. Многія пацыенты ніколі не праходзяць паўнавартасную дыягностыку.

Вызначыць крыніцу гарманальнага збою складана: дыягностыка ўключае некалькі аналізаў і інвазіўную працэдуру з усталяваннем катэтэраў у буйныя крывяносныя сасудзіны, даступную далёка не ва ўсіх клініках — і не заўсёды дакладную.

Новы метад займае ўсяго 10 хвілін і паказвае, якая з наднырачнікавых залоз вырабляе лішак альдастэрону.

«Мы чакалі такі тэст дзесяцігоддзямі. Гэта брытанская навінка радыкальна змяняе дыягностыку лішку альдастэрону — важнай, але часта схаванай прычыны гіпертэнзіі. Цяпер мы зможам значна дакладней падбіраць лячэнне», — адзначыў прафесар Браян Уільямс, кіраўнік даследавання.

Даследчыкі распрацавалі ўнікальны прэпарат, які звязваецца з альдастэрон-сінтазай — ферментам, што адказвае за выпрацоўку гармона. Ён назапашваецца менавіта там, дзе залоза вырабляе занадта шмат альдастэрону, літаральна «падсвятляючы» праблемны ўчастак.

У пілотным даследаванні 17 пацыентаў прайшлі працэдуру — ва ўсіх удалося адназначна вызначыць крыніцу гарманальнага дысбалансу. Пабочных эфектаў не адзначана.

«Мы ўпершыню можам убачыць гэтае захворванне. Сігнал на здымках паказвае ўзровень звышвытворчасці альдастэрону. У будучыні гэта дазволіць прыцэльна ўздзейнічаць на паталагічны ўчастак», — заключыў прафесар Уільямс.

Апошнія навіны