Фінальны сезон «Дзіўных спраў» абрынуў Netflix
- 27.11.2025, 19:13
Выйшлі першыя чатыры серыі апошняга сезона.
На струменевым сэрвісе Netflix адбыўся збой падчас прэм’еры 5-га сезона «Дзіўных спраў». Пра гэта паведамляе выданне People.
Анлайн-кінатэатр рухнуў а 17:00 па паўночнаамерыканскім часе, калі на платформе з’явіліся першыя чатыры серыі фінальнага сезона серыяла. Пазней працу сэрвісу аднавілі.
«У некаторых карыстальнікаў на кароткі час узніклі праблемы са струменевай перадачай на тэлевізійных прыладах, але сэрвіс быў адноўлены для ўсіх уліковых запісаў цягам пяці хвілін», — паведаміў прадстаўнік Netflix.
Акрамя таго, сааўтар «Дзіўных спраў» Росс Дафер паведаміў у сваім допісе ў Instagram, што да прэм’еры Netflix павялічыў прапускную здольнасць на 30%, каб пазбегнуць збояў.
У сеціве выйшла першая частка фінальнага сезона прыгодніцкага сай-фаю пра сяброў з невялікага гарадка, куды рэгулярна наведваюцца манстры з паралельнага вымярэння. Дзеянне новых серый адбываецца восенню 1987 года. Гэта менш значны скачок у часе, чым чакалі прыхільнікі, улічваючы, што дзеянне чацвёртага сезона адбывалася вясной 1986 года, а сам сезон выйшаў на экраны тры гады таму.