BE RU EN

«Пераплаціла каля 2000 еўра»

  • 27.11.2025, 11:18

Жыхарка комплексу «Мінск Мір» выявіла, што яе кватэра меншая, чым пазначана ў паперах.

Жыхарка комплексу «Мінск Мір» выявіла, што пасля здачы дома паркоўку каля яе пад’езда раптоўна зрабілі платнай, устанавілі шлагбаўмы, а плошча яе кватэры аказалася меншая за заяўленую — і забудоўшчык дагэтуль не патлумачыў, чаму ўласнікі даведаліся пра змены постфактум. Пра ўсе гэтыя дзіўнасці жанчына расказала «кіраўніку» адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Эдуарду Томільчыку.

Мінчанка жыве ў доме № 1 па вуліцы Леаніда Левіна. Паводле яе слоў, яшчэ на этапе будаўніцтва жыхары заявілі менеджару, замацаванаму за домам, пра жаданне агарадзіць адкрытую паркоўку шлагбаўмам. Тады ім вусна адказалі, што такое рашэнне немагчымае, бо рабіць паркоўку платнай не плануецца.

Аднак ужо пасля завяршэння будаўніцтва ўласнікі раптам выявілі, што ў праект былі ўнесеныя змены: на тэрыторыі з’явіліся шлагбаўмы, і паркоўка стала платнай. Пры гэтым жыхарам загадзя нічога не паведамілі.

Жанчына таксама заявіла, што фактычная плошча яе кватэры аказалася прыкладна на 5% меншая, чым было пазначана ў першапачатковых дакументах. Паводле яе слоў, яна пераплаціла каля 2000 еўра — грошы, якія магла б укласці ў паркавальнае месца. Чаму пытанне вяртання сродкаў так і не было вырашана, высветліць не ўдалося.

Наяўнасць паркавальнага месца для яе — прынцыповы момант, падкрэсліла мінчанка. Паводле яе слоў, ведаючы пра будучы фармат паркоўкі, яна выбрала б іншы жыллёвы комплекс.

У тым, што адбываецца, яна бачыць прамое парушэнне і пытаецца, на якой падставе забудоўшчык прыняў такія рашэнні. Найлягчэй цяпер перакласці адказнасць на менеджара і сказаць: «Ён ужо звольнены, такога быць не магло», — упэўненая мінчанка.

Кіраўнік раёна растлумачыў, што ў комплексе «Мінск Мір» паркавальныя месцы, як правіла, не замацоўваюцца за канкрэтнымі кватэрамі па дамове. Таму, калі праект змяняецца ў частцы агульных зон, забудоўшчык фармальна не абавязаны ўзгадняць гэта з жыхарамі.

Апошнія навіны