У снежні ў беларусаў будуць чатыры выходныя запар
- 27.11.2025, 10:10
Але адзін з іх давядзецца адпрацаваць.
Снежань 2025-га рыхтуе жыхарам Беларусі маленькі, але вельмі прыемны падарунак — чатыры выходныя дні запар. Але, як гэта звычайна бывае, бясплатным ён усё ж такі не будзе — адзін з дзён давядзецца адпрацаваць у суботу. Падрабязнасці расказалі ў Мінпрацы.
Калі адпачываем?
У чацвер, 25 снежня, краіна адзначае каталіцкае Божае Нараджэнне — афіцыйны выходны. А каб святочны настрой не заканчваўся занадта рана, пятніца, 26 снежня, таксама стане непрацоўнай.
Суботу і нядзелю — па традыцыі — адпачываем.
У выніку: 25, 26, 27 і 28 снежня — выходныя дні.
Але адзін з іх давядзецца адпрацаваць: пятніцу, 26 снежня, перанеслі на суботу, 20 снежня.
Што, калі ў гэты перыяд вы ў адпачынку?
Калі на 26 снежня прыпадае адпачынак, то 20 снежня можна спакойна адпачываць — працоўную суботу ў гэтым выпадку «не залічваюць».
А вось калі чалавек у камандзіроўцы або на навучанні, то субота, 20 снежня, аўтаматычна ператвараецца ў працоўны дзень.
А што там з Новым годам?
2026 год таксама пачнецца з доўгіх выходных. 1 і 2 студзеня прыпадаюць на чацвер і пятніцу, адпаведна, нас зноў чакаюць чатыры выходныя запар.
Першы працоўны тыдзень будзе кароткі: 7 студзеня, Праваслаўнае Раство, — выходны.