Папулярны напой апынуўся карысным для костак
- 26.11.2025, 19:27
Медыкі раяць яго піць пажылым жанчынам.
Рэгулярнае ўжыванне чаю карэлюе з больш высокай шчыльнасцю костак у пажылых жанчын. Да такой высновы прыйшлі вучоныя з Універсітэта Фліндэрса (Аўстралія) ў ходзе дзесяцігадовага даследавання пераломаў, звязаных з астэапарозам. Праца апублікавана ў часопісе Nutrients.
У даследаванні ўзялі ўдзел 9704 жанчыны старэйшыя за 65 гадоў. На працягу дзесяці гадоў у ўдзельніц некалькі разоў вымяралі мінеральную шчыльнасць костак сцягна і ўдакладнялі штодзённае ўжыванне чаю і кавы.
Вынікі паказалі: у аматаркаў чаю шчыльнасць касцяной тканіны ў вобласці тазасцегнавага сустава была большай — розніца склала каля 0,003 г/см², што статыстычна значна, але нязначна для асобнай пацыенткі. У сярэднім кава не аказвала прыкметнага ўплыву, хаця пры ўжыванні больш за пяць чашак у дзень назіралася тэндэнцыя да зніжэння шчыльнасці костак.
Дадатковы аналіз паказаў, што ў жанчын пры высокім узроўні ўжывання алкаголю кава зніжала шчыльнасць шыйкі сцягна. Чай, наадварот, спрыяў умацаванню касцяной тканіны ў жанчын з атлусценнем. Аднак аўтары падкрэсліваюць, што атрыманыя даныя маюць назіральны характар. Дакладна пацвердзіць наяўнасць прамой прычынна-выніковай сувязі могуць толькі клінічныя даследаванні.