Урад Расіі рэзка павышае тарыфы ЖКГ для расіян
- 26.11.2025, 16:51
Пуціну тэрмінова патрэбныя грошы на вайну.
Урад Расіі ўхваліў чарговую індэксацыю тарыфаў ЖКГ, якая ў 2026 годзе пройдзе ў два этапы, а ў палове суб'ектаў РФ будзе двухзначнай, піша The Moscow Times.
Згодна з распараджэннем, якое падпісаў прэм'ер Міхаіл Мішусцін, з 1 студзеня ва ўсіх рэгіёнах тарыфы вырастуць на 1,7%, а з 1 кастрычніка стартуе другі этап індэксацыі, які ў разы перавысіць першы.
Рэкорднае павышэнне тарыфаў — на 22% — адбудзецца ў Стаўрапольскім краі. На 19,7% вырастуць тарыфы ў Дагестане, на 17,5% — у Тамбоўскай вобласці, на 17,2% — у Цюменскай вобласці, на 16,3% — у Паўночнай Асеціі, на 15,3% — у Рэспубліцы Комі.
15-працэнтная індэксацыя чакае жыхароў Якуціі, Краснаярскага краю, Пермскага краю, Мурманскай вобласці, Удмуртыі і Масквы. На 14,6% павялічацца сумы ў квітанцыях у Санкт-Пецярбургу, на 14% — у Чалябінскай, Рязанскай і Яраслаўскай абласцях. На велічыню ад 13% да 14% вырастуць тарыфы ў Севастопалі, Цвярской вобласці, Іркуцкай і Белгарадскай абласцях, а таксама ў Рэспубліцы Татарстан. У астатніх суб'ектах індэксацыя складзе ад 8% да 12%, вынікае з дакумента, размешчанага на партале прававой інфармацыі.
Сёлета тарыфы ЖКГ былі праіндэксаваныя ў сярэднім на 11,9% — рэкордную велічыню больш чым за 10 гадоў. У бюджэт на найбліжэйшыя тры гады ўрад заклаў іх індэксацыю яшчэ прыкладна на 30%.
Тарыфы на газ, ужо павышаныя на 24% з пачатку вайны, павінны павялічыцца на 9,6% у бягучым годзе, на 9,1% у 2027-м і на 7% у 2028-м. У суме — на 27,9%.
Кошт электраэнергіі плануецца павысіць на 11,3%, 8,6% і 9,1% адпаведна, у суме — на 31,9%. Рахункі за электраэнергію, паводле планаў урада, стануць большымі на 28,2%: у 2026 годзе запланавана індэксацыя на 9,9%, у 2027-м — на 9,3%, у 2028-м — на 6,8%.
Грошы патрэбныя для забеспячэння надзейнасці паставак газу і падключэння да расійскай газавай сістэмы новых рэгіёнаў, а таксама для інвестыцый у энергасістэму і мадэрнізацыю камунальных сетак, тлумачыла раней Мінэканомразвіцця.
Паводле даных Рахунковай палаты, у 2025 годзе на жыллёва-камунальныя паслугі прыходзіцца каля 10% усіх спажывецкіх выдаткаў расіян. Чарговая рэзкая індэксацыя разгоніць інфляцыю і ўдарыць па кішэнях спажыўцоў, папярэджвала ведамства на пачатку лістапада.