BE RU EN

У Беларусі спрабуюць прадаць велізарны гандлёвы цэнтр

  • 26.11.2025, 16:44

Пасля праваленых таргоў кошт знізілі амаль у тры разы.

На пляцоўцы Beltorgi зноў хочуць прадаць шматфункцыянальны гандлёвы комплекс. Плошча аб'екта — больш за 9 тыс. м², ён размешчаны ў цэнтры горада Рэчыцы на вул. Савецкай, 56.

Лот уключае цэлы комплекс з васьмі капітальных будынкаў, аднаго аб'екта «неўстаноўленага прызначэння» і двух тэхнічных збудаванняў.

ТЦ прадаюць у сувязі з банкруцтвам яго папярэдняга ўласніка. Ён вінен больш за Br3,5 млн, пераважна падатковай службе, але нешта і банкам.

У верасні лот ужо спрабавалі прадаць за Br6,5 млн, але не атрымалася. Цяпер хочуць Br2,9 млн, а мінімальны кошт — Br1,09 млн. Таргі прызначаныя на 18 снежня.

Праўда, акрамя самой аплаты пакупкі, новаму ўладальніку давядзецца сур'ёзна ўкласціся.

Папярэдні гаспадар падчас будаўніцтва комплексу зрабіў мноства незаконных пераплановак. Адпаведна, увесці ТЦ у эксплуатацыю можна толькі пасля таго, як іх ліквідуюць.

Паводле звестак мясцовага выканкама, у гандлёвым цэнтры былі выяўленыя масавыя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі: адсутнасць сістэм апавяшчэння і аўтаматычнага пажаратушэння, праблемы з эвакуацыйнымі выхадамі.

Акрамя таго, многія арэндатары праводзілі самавольныя перапланоўкі, якія так і не былі ўзаконеныя.

Апошнія навіны