Тысячы беларусаў запатрабавалі перагледзець новыя правілы адлову бяздомных жывёл
- 26.11.2025, 15:39
Ёсць адказ Міністэрства ЖКГ.
Больш за дзве тысячы зваротаў атрымала Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) ад беларусаў у межах грамадскага абмеркавання праекта закона аб адказным абыходжанні з жывёламі. Найбольш заўваг і прапаноў беларусы выказалі па двух спрэчных пытаннях — адносна дапушчальнай колькасці гадаванцаў у жылых дамах і адносна правілаў адлову і ўсыплення жывёл, піша Telegraf.news.
Грамадскае абмеркаванне пастановы Савета Міністраў аб увядзенні канкрэтных мер па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь № 361-З «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» ад 1 красавіка 2024 года праводзілася з 23 кастрычніка па 3 лістапада. У сталічным ЖКГ адзначылі, што сам праект закона выклікаў сапраўдны ажыятаж як сярод зоаабаронцаў, так і сярод звычайных беларусаў.
Гэта тэма шырока абмяркоўвалася не толькі ў сацсетках, але і на пляцоўцы Прававога форуму Беларусі. У выніку менш чым за два тыдні Міністэрства ЖКГ, якое выступіла ініцыятарам грамадскага абмеркавання, атрымала 2476 зваротаў. Іх у ведамстве днямі абмеркавалі ў межах экспертнага круглага стала.
Абагульняючы прапановы па максімальна дапушчальнай колькасці гадаванцаў (у праекце закона прапануецца абмежавацца двума гадаванцамі не толькі жыхарам кватэр у шматпавярхоўках, але і жыхарам блакіраваных дамоў), намесніца начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі МінЖКГ Надзея Сеўрук адзначыла, што беларусы настойваюць на распрацоўцы канкрэтных санітарных нормаў і правілаў утрымання жывёл. Некаторыя ўдзельнікі грамадскага абмеркавання прапанавалі зрабіць гэтую норму больш гнуткай і абмяжоўваць колькасць гадаванцаў, дазволеных для ўтрымання ў кватэрах і прыватных дамах, зыходзячы з канкрэтных ветэрынарна-санітарных нормаў, а не раўняць усіх пад адзін грэбень.
Што да другога пытання, па якім таксама паступіла вялікая колькасць зваротаў ад неабыякавых беларусаў, то класічнай сістэме адлову і ўсыплення жывёл, якую практыкуюць у Беларусі, была прапанавана альтэрнатыва — праграма АСВВ (то-бок адлоў, стэрылізацыя, вакцынацыя і выпуск).
Абедзве прапановы ў МінЖКГ адхілілі, спасылаючыся на тое, што новая пастанова Савміна распрацоўваецца «ў развіццё нормаў закона» і не прадугледжвае змены яго асноватворных прынцыпаў.
«У законе прадугледжана: безнаглядныя жывёлы адлоўліваюцца і затым перадаюцца ў пункты, прытулкі і зацікаўленым грамадзянам. Да таго ж праграма АСВВ не вырашае праблему безнаглядных жывёл, бо «хвасцікі» ўсё адно вяртаюцца ў асяроддзе існавання. Гэта доўгатэрміновы працэс, звязаны з рызыкай паўторнага адлову жывёл», — абазначыла пазіцыю ведамства Сеўрук.