Лукашэнка «натаргаваў» са стратай амаль на мільярд долараў
- 26.11.2025, 13:53
Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі за месяц вырас больш як на чвэрць.
Дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў $840,8 млн па выніках студзеня – верасня, паведамляе Нацбанк. За месяц ён вырас на $224,2 млн.
Дэфіцыт знешняга гандлю вырас з‑за таго, што Беларусь больш купляе за мяжой, чым экспартуе. Экспарт тавараў і паслуг па выніках студзеня – верасня павялічыўся на 0,7% у параўнанні са студзенем – вераснем 2024 года. Ён склаў $37,32 млрд. Імпарт рос хутчэй — на 2,1% — і дасягнуў $38,16 млрд.
Сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца: рост ВУП зноў запаволіўся
Такім чынам, дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў $840,8 млн, што ў 2,7 раза больш, чым за студзень – верасень 2024 года.
Сальда ўніз цягне гандаль таварамі. Іх продажы за мяжу ў студзені – верасні скараціліся на 3% і склалі $28,92 млрд. Пры гэтым імпарт вырас на 1% — да $32,8 млрд. Атрымалася, што Беларусь набыла тавараў на $3,88 млрд больш, чым прадала іншым краінам.
Экспарт паслуг за справаздачны перыяд вырас на 15,6% да $8,4 млрд. Імпарт таксама вырас на 9,5%, але склаў $5,36 млрд. Паслуг Беларусь традыцыйна прадае за мяжу больш, чым купляе. Па выніках дзевяці месяцаў 2025 года гэта розніца склала $3,04 млрд.
Верагодна, пагаршэнне паказчыкаў па гандлі таварамі звязана, між іншым, са зніжэннем попыту на беларускую прадукцыю на расійскім рынку. На гэтую праблему эксперты звярталі ўвагу ў верасні.