Як у фільме Таранціна: беларус выкраў мужа сваёй каханай
- 26.11.2025, 13:27
Ён замкнуў яго ў багажніку аўтамабіля і вывез за горад.
У Дзяржынску ўзбуджана крымінальная справа па факце незаконнага пазбаўлення волі, якая па драматызме нагадвае сюжэт крымінальнага фільма, піша «Адзінства».
Паводле дадзеных следства, інцыдэнт адбыўся 9 верасня. 22-гадовая замужняя гараджанка жыла з мужам асобна з-за «складаных адносін», але ў пэўны момант вырашыла пагаварыць з ім. Пры гэтым прысутнічаў яе 26-гадовы каханак.
Падчас сустрэчы паміж сужэнцамі ўспыхнула слоўная перапалка. Новы каханы жанчыны, не справіўшыся з эмоцыямі, перайшоў да радыкальных дзеянняў. Ён схапіў законнага мужа за шыю, сілаю падвёў яго да свайго аўтамабіля і пагрозамі прымусіў забрацца ў багажнік іншамаркі. Спалохаўшыся за сваё жыццё, той быў вымушаны падпарадкавацца.
Малады чалавек замкнуў мужчыну ў багажніку, вывез за межы Дзяржынска, пасля чаго выпусціў і з'ехаў, пакінуўшы яго аднаго ў безлюдным месцы. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю.
На яго крыўдзіцеля была заведзена крымінальная справа па ч. 1 арт. 183 КК (незаконнае пазбаўленне волі).
Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і падрабязна распавёў пра тое, што здарылася. Ён патлумачыў, што на такі адчайны крок яго штурхнула слоўная сварка з пацярпелым. Зараз дзяржынец пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Справу перададзена пракурору для накіравання ў суд.