BE RU EN

Брамнік «Вашынгтона»: беларус Пратас вучыць мяне рускай мове

  • 26.11.2025, 13:17

Канадзец Логан Томпсан прызнаўся, што запамінае толькі лаянку.

Галкіпер «Вашынгтон Кэпіталз» Логан Томпсан распавёў, што яго партнёр па камандзе — беларускі хакеіст Аляксей Пратас — пачаў вучыць яго рускай мове. Яго словы прыводзіць RMNB.

«Пратас дае мне невялікія ўрокі, калі з'яўляецца магчымасць, — асобныя словы. Шчыра кажучы, я амаль нічога не запамінаю… хіба што лаянку», — падзяліўся ён.

На сёння ў вашынгтонскай камандзе выступаюць два рускамоўныя хакеісты — Пратас і капітан «сталічных» Аляксандр Авечкін.

Томпсану 28 гадоў, ён нарадзіўся ў Канадзе. У Нацыянальнай хакейнай лізе (НХЛ) ён выступаў за «Вегас Голдэн Найтс» з 2021 года, а ў 2024 годзе быў абменены ў «Вашынгтон Кэпіталз» за два выбары ў трэцім раундзе драфту 2024 і 2025 гадоў.

У бягучым сезоне рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі хакеісты «Вашынгтона» згулялі 23 матчы, у якіх набралі 26 ачкоў. Каманда ідзе на сёмым месцы ва Усходняй канферэнцыі НХЛ. Наступны матч «сталічныя» правядуць 27 лістапада супраць «Вінніпег Джэтс», стартавая сірэна прагучыць аб 3:00 па мінскім часе.

Апошнія навіны