«Жыхары ў шоку»: мінчанка выйшла з пад'езда і правалілася пад зямлю
- 26.11.2025, 8:47
Спецыялісты высвятляюць прычыны.
У сеціве з'явілася відэа з мінчанкай, якая правалілася ў грунтавую яму пасля абвалу тратуарнай пліткі ля пад'езда дома № 54 на прасп. Газеты «Праўда». Падрабязнасці паведамляе «Мінск-Навіны».
«Пад пажылой жанчынай пры выхадзе з пад'езда правалілася плітка. Гэта не адзіны выпадак утварэння ям у раёне пад'ездаў. Калі ўлічыць, што не так даўно быў капітальны рамонт дома, жыхары ў шоку», — напісаў адзін са сталічных паблікаў са спасылкай на відавочцу.
Пенсіянерка адбылася спалохам і сінякамі. Інцыдэнт пацвердзілі і ў ЖКГ Маскоўскага раёна. Да камунальнікаў пацярпелая прэтэнзій не мае, а тыя, у сваю чаргу, папрасілі прабачэння. Адразу пасля здарэння на месца выязджалі прадстаўнікі «Мінскводаканала», ЖЭУ, «Рэмаўтадара» і нават праваахоўнікі.
Зараз спецыялісты высвятляюць прычыны прасядання грунту. Адна з версій — прарыў вонкавых сетак ліўневай каналізацыі.
Дарэчы, капітальны рамонт дома праводзілі ў 2022 годзе. Тады будаўнікі замянілі сістэмы халоднага і гарачага водазабеспячэння, бытавую і ліўневую каналізацыі з выпускам да першых калодзежаў, а таксама трубаправоды сістэмы ўнутраных вадастокаў з пракладкай з полівінілхларыдных труб для напорнай каналізацыі.