Памерла чарапаха-зорка, якая бачыла дзве сусветныя войны і 20 прэзідэнтаў ЗША
- 25.11.2025, 23:08
Чарапаха Бабуля памерла ў ўзросце 141 года.
Галапагоская чарапаха і найстарэйшы жыхар заапарка Сан-Дыега (Каліфорнія, ЗША), памерла ў ўзросце 141 года. Пра гэта паведамляе Independent.
Жывёла памерла 20 лістапада.
Чарапаха Бабуля прыбыла ў заапарк Сан-Дыега з заапарка Бронкса ў 1928 або 1931 годзе ў складзе першай у гэтай установе групы галапагоскіх чарапах.
За сваё жыццё чарапаха-зорка стала сведкай дзвюх сусветных войнаў і тэрмінаў кіравання 20 прэзідэнтаў ЗША. Даглядчыкі ласкава называлі яе «каралевай заапарка».
Пад канец жыцця Бабуля пакутавала ад узроставых захворванняў косцяў, што прывяло да рашэння аб яе ўсыпленні.
Наведвальнікі заапарка ахвотна дзеляцца ў сацсетках успамінамі пра сустрэчы з мілай і сарамлівай чарапахай, якая любіла лісце салаты і плады кактуса.
Так, 69-гадовая Крысціна Парк распавяла, што адным з яе самых ранніх успамінаў дзяцінства быў візіт у заапарк Сан-Дыега, калі ёй было тры або чатыры гады, і язда верхам на спіне Бабулі. Цяпер у заапарку такое не дазваляюць, але атрыманы досвед натхніў Крысціну завесці маленькую пустэльную чарапаху як хатняга гадаванца і даведацца больш пра захаванне чарапах.
«Проста дзіўна, што ім удаецца перажыць так шмат, а яны ўсё яшчэ з намі», — кажа Парк.
Галапагоскія чарапахі могуць жыць больш за 100 гадоў у дзікай прыродзе і амаль у два разы даўжэй у няволі. Самую старую вядомую галапагоскую чарапаху звалі Гарыет, і яна пражыла ў Аўстралійскім заапарку да 175 гадоў.