Аляксандр Мілінкевіч трапіў у рэанімацыю
- 25.11.2025, 19:03
Стан былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі вельмі цяжкі.
Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч трапіў у рэанімацыю. Пасля выдалення тромбу падчас аперацыі пачаўся моцны крывацёк, піша ў Facebook жонка вядомага палітыка і грамадскага дзеяча Аляксандра Мілінкевіча Інна Кулей.
«Аляксандр у рэанімацыі, стан вельмі цяжкі. Аперацыя па стэнціраванні была на соннай артэрыі, дзе 80% прасвету было перакрыта тромбам. Калі яго выдалілі, то як шлюз адкрыўся — паток крыві вельмі інтэнсіўны, ціск вельмі высокі», — напісала Інна Кулей.
«Я бясконца веру, што з Божай дапамогай яго арганізм павінен справіцца. Веру і малюся», — піша яна.
Аляксандру Мілінкевічу цяпер 78 гадоў. Ён сам з Гродна, у 1990–1996 гадах быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама, тады значна спрыяў беларусізацыі ў горадзе. У 2006 годзе быў кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі са статусам «адзінага» на прэзідэнцкіх выбарах. Пасля стварыў грамадскі рух «За Свабоду» і да 2016 года быў яго кіраўніком. У апошнія гады з'яўляецца пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай, адным з арганізатараў «Вольнага беларускага ўніверсітэта».