У папулярнай расійскай прыправе знайшлі кішачную палачку
- 25.11.2025, 18:04
Праверце свае запасы на кухні.
У Беларусі забаранілі прадаваць і ўвозіць адзін з прадуктаў гандлёвай маркі «Умный выбор».
Спецыялісты Дзяржстандарту знайшлі у ім кішачную палачку і іншыя недапушчальныя бактэрыі.
Ідзе гаворка пра сумесь прыправ «Для агароднінных салатаў». У яе склад уваходзяць часнык, папрыка, карыяндр, зялень кропу і пятрушкі, чорны перац, лук-парэй і іншыя спецыі.
Аднак мікрабіялагічныя паказчыкі сумесі выклікалі ў спецыялістаў пытанні.
«Прадукцыя не адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза ТР ТС 021/2011 «Аб бяспецы харчовай прадукцыі» (ч. 1 арт. 5, ч. 1 і 2 арт. 7, раздзела 1.5 дадатку 2)», — заявілі ў Дзяржстандарце.
У спецыях перавышана дапушчальная колькасць мезафільных аэрабных і факультатыўна-анаэрабных мікраарганізмаў у 3,6 раза.
Наяўнасць бактэрый групы кішачнай палачкі, а менавіта каліформы, не дапускаецца ні ў якой колькасці.
Пад забаронай і айчынныя спецыі
Нядаўна Дзяржстандарт унёс у спіс небяспечнай прадукцыі чырвоны молаты перац і молаты карыяндр.
Абедзве спецыі вырабляе ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты».
У правераных партыях выяўлена завышаная колькасць мезафільных аэрабных і факультатыўна-анаэрабных мікраарганізмаў, цвілі і кішачнай палачкі.