У дзвюх галінах раптам раскрылі «маштабную карупцыю»
- 25.11.2025, 12:18
Узбуджана 16 крымінальных спраў.
Генпракуратура паведаміла пра маштабную карупцыю, якую выявілі ў перапрацоўчай і энергетычнай сферах. Узбуджана 16 крымінальных спраў за хабары, незаконныя ўзнагароджанні і крадзяжы шляхам злоўжывання паўнамоцтвамі, піша «Зеркало».
Па выніках праверкі ўзбуджана 16 крымінальных спраў аб атрыманні і дачы хабара, прыняцці і прадастаўленні незаконнага ўзнагароджання, а таксама аб крадзяжы, учыненым шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, па артыкулах 430, 431, 433 і 210 КК.
Расследаванне выявіла схемы крадзяжоў і хабарніцтва службовых асоб дзяржаўных арганізацый у перапрацоўчай і энергетычнай галінах. Яны былі звязаныя:
- з выбарам пастаўшчыкоў прадукцыі для дзяржаўных арганізацый і заключэннем з імі дамоваў з наступнай аплатай;
- з вызначэннем падрадчыкаў для аднаўлення працы аўтаматызаваных сістэм камерцыйнага ўліку электраэнергіі, - усталяваннем праграмнага забеспячэння і садзейнічаннем у аплаце выкананых работ;
- з прыняццем у эксплуатацыю электрасетак, паскарэннем усталявання кропак пераключэння кабеляў і правядзеннем выпрабаванняў будаўнічых аб’ектаў.
«Памер незаконных узнагароджанняў і хабараў вызначаўся, зыходзячы з фактычна атрыманых ад заказчыкаў грошай (да 2% ад сумы заказу), аб’ёмаў і частаты адгрузкі, а таксама своечасовасці аплаты і складаў ад 300 рублёў да 2000 долараў», — паведамілі ў пракуратуры.
Пры гэтым сума выкрадзенага шляхам злоўжывання паўнамоцтвамі перавысіла 15 00 рублёў.
Віна падазраваных пацверджана дакументамі, банкаўскімі і бухгалтарскімі дадзенымі. З дзесяці апытаных падазраваных усе прызналі факты дачы і атрымання хабараў і абавязаліся вярнуць незаконна атрыманыя сродкі.
Для правядзення папярэдняга расследавання справы накіраваныя ў падраздзяленні Следчага камітэта па Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях, а таксама па Мінску. Генеральная пракуратура ўзяла ход расследаванняў пад свой кантроль.