Лукашысты ўтаемніваюць месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча
- 25.11.2025, 11:01
У МУС адказалі «адпіскай» жонцы лідара беларускай апазіцыі.
Жонка лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч працягвае разыскваць яго пасля таго, як мужчына адмовіўся пакідаць Беларусь 11 верасня. Цяпер жанчыне прыйшоў адказ з МУС, дзе паведамілі толькі пра працяг адбыцця пакарання. Дакумент Марына Адамовіч апублікавала ў Facebook.
Марына Адамовіч адзначыла, што гэта першы афіцыйны адказ за два з паловай месяцы пошукаў. Яе зварот быў на чатыры старонкі і датычыўся не толькі пытання, дзе Статкевіч, але і таго, што ў установах жанчыне афіцыйна не адказваюць.
Адказ з МУС датаваны 21 лістапада і падпісаны намеснікам міністра Генадзем Казакевічам.
«Паведамляю, што Статкевіч М. В. адбывае пакаранне згодна з прыгаворам Гомельскага абласнога суда ад 14.12.2021», — паведамляецца ў дакуменце.
«Што маем… Шукаю далей. Прынамсі, поле звужаецца. Сэрца не вытрымлівае», — напісала Адамовіч.
Нагадаем, 11 верасня беларускія ўлады «вызвалілі» і выслалі з краіны 52 зняволеных. Мікалай Статкевіч стаў адзіным з гэтай групы, хто не перасек мяжу Беларусі і Літвы. Паводле сведкаў, ён выбіў нагой дзверы аўтобуса і адмовіўся з'ехаць з краіны. Пэўны час палітыка можна было бачыць на здымках з камер на мяжы, пасля яго ў невядомым кірунку вывезлі людзі ў масках.