Частку Гомельскай вобласці перасталі лічыць «радыяцыйна небяспечнай зямлёй»
- 25.11.2025, 10:10
Забруджаныя землі пераведзены ў гаспадарчае выкарыстанне.
Частка тэрыторый Веткаўскага, Жлобінскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці пастановай Савета Міністраў выключана са складу радыяцыйна небяспечных зямель. Дакумент афіцыйна апублікаваны 25 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пастанова № 665 ад 22 лістапада прадугледжвае больш не лічыць радыяцыйна небяспечнымі ўчасткі агульнай плошчай больш за 875 гектараў. Яны будуць пераведзены ў гаспадарчае выкарыстанне.
Саўмін даручыў Веткаўскаму, Жлобінскаму, Чачэрскаму райвыканкамам на працягу месяца вызначыць межы ўчасткаў і перадаць іх для далейшага выкарыстання. Таксама неабходна ўнесці змены ў зямельна-кадастравую дакументацыю.
Таксама мясцовым уладам даручана ажыццяўляць кантроль умоў выкарыстання гэтых зямельных участкаў і кантроль радыеактыўнага забруджвання прадукцыі, якая будзе вырабляцца на гэтых тэрыторыях.