У Расіі абвясцілі ў вышук прадзюсара «Ласкавага мая»
- 25.11.2025, 9:10
Адвакатка назвала прычыну.
Міністэрства ўнутраных спраў Расіі абвясціла ў федэральны вышук прадзюсара гурта «Ласкавы май» Андрэя Разіна. Адпаведная інфармацыя размешчана ў афіцыйнай базе дадзеных МУС РФ.
Прычына вышуку ў картцы не ўдакладняецца. Аднак, як паведаміла «РИА Новости» і ТАСС адвакатка Асель Мухтарава-Казарноўская, Разіну завочна прад’явілі абвінавачанне ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Паводле яе слоў, справу ўзбудзілі па факце прысваення сродкаў, прызначаных для выплаты аўтарскага ўзнагароджання стваральніку песень Сяргею Кузняцову. Разіну пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Следчыя лічаць, што Разін на працягу доўгага часу выкарыстоўваў падроблены дагавор з Кузняцовым, дзякуючы чаму атрымліваў выплаты як праваўладальнік твораў. Пацярпелай па справе прызнана ўдава кампазітара.
«Ласкавы май» быў заснаваны ў 1986 годзе ў Арэнбургу Сяргеем Кузняцовым, аўтарам такіх хітоў, як «Белыя ружы», «Сівая ноч» і «Ружовы вечар». Першым салістам гурта і выканаўцам яго галоўных песень стаў Юрый Шатуноў, аднак у 1991 годзе ён пакінуў музычны калектыў. Незадоўга да сваёй смерці ў 2022 годзе Шатуноў здолеў адсудзіць правы на выкананне «Белых руж» і іншых хітоў гурта.