Apple вырашыла перакрыць «шэрыя» пастаўкі IPhone ў РФ з Індыі
- 24.11.2025, 22:12
Карпарацыя папярэдзіла індыйскія крамы аб санкцыях.
Амерыканская карпарацыя Apple ужорстчвае кантроль за пастаўкамі смартфонаў з Індыі, каб прадухіліць іх рээкспарт у Расію і іншыя краіны, дзе кампанія афіцыйна не працуе. Як паведамляе індыйскае выданне MoneyControl, афіцыйныя дыстрыб’ютары папярэдзілі мясцовых рытэйлераў пра высокія штрафы за актывацыю iPhone замежнымі SIM-картамі цягам 90 дзён пасля пакупкі. Асаблівая ўвага надаецца найноўшай 17-й серыі смартфонаў, піша The Moscow Times.
У рассылцы для прадаўцоў адзначаецца, што ў выпадку выяўлення выкарыстання прылад з замежнымі SIM-картамі «на вашу гандлёвую кропку будзе накладзены высокі штраф, а код крамы можа быць заблакаваны ў адпаведнасці з палітыкай».
Apple спыніла афіцыйныя продажы тэхнікі ў Расіі неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, адначасова абмежаваўшы працу Apple Pay і іншых сэрвісаў. Нягледзячы на афіцыйны сыход кампаніі з расійскага рынку, новыя мадэлі iPhone працягваюць паступаць у краіну праз паралельны імпарт і прыватных пастаўшчыкоў.
Паводле даных MoneyControl, экспарт iPhone з Індыі дасягнуў у кастрычніку $1,6 млрд, склаўшы амаль трэць ад агульнага аб’ёму экспарту смартфонаў і каля 40% усяго экспарту электронікі. Апытаныя выданнем аналітыкі ацэньваюць долю неафіцыйных паставак у 3–5% ад агульнага аб’ёму, пры гэтым амаль палова гэтых прылад накіроўваецца ў Расію. Сярод іншых ключавых напрамкаў «шэрага» экспарту называюцца краіны Афрыкі, Блізкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе адзначаецца павышаны попыт і больш высокі патэнцыйны прыбытак.