Украіна запускае рэвалюцыйную тэхналогію ад Starlink
- 24.11.2025, 20:14
Пра гэта заявіў міністр лічбавай трансфармацыі краіны.
Украіна ўкараняе новую тэхналогію сувязі, якая дазволіць людзям заставацца на сувязі нават падчас працяглых адключэнняў электрычнасці і атак на крытычную інфраструктуру.
Пра гэта 24 лістапада паведаміў Міхаіл Фёдараў, які ўзначальвае Міністэрства лічбавай трансфармацыі краіны.
«SMS без наземнай сувязі — «Кіеўстар» запускае Starlink Direct to Cell па ўсёй Украіне», — напісаў міністр.
Паводле яго слоў, Украіна ўваходзіць у кола сусветных лідараў, якія першымі пачалі выкарыстоўваць сістэму Starlink Direct to Cell. Цяпер смартфон зможа аўтаматычна пераключацца на спадарожнікавы канал і адпраўляць SMS нават пры поўнай адсутнасці мабільнага пакрыцця. Карыстальнікам не спатрэбяцца ніякія дадатковыя налады або плацяжы.
— Украінцы змогуць адпраўляць SMS родным і пры неабходнасці дзяліцца сваім месцазнаходжаннем, — адзначыў ён.
Міністр дадаў, што запуск спадарожнікавай перадачы паведамленняў асабліва важны ва ўмовах пастаянных спроб Расіі разбурыць энергетычную і тэлекамунікацыйную інфраструктуру Украіны. Ён падкрэсліў імкненне краіны працягваць мадэрнізацыю нават ва ўмовах вайны.
«Украіна — краіна інавацый, якая працягвае развівацца, нягледзячы на атакі, блэкаўты і пастаянныя ўдары па крытычнай інфраструктуры… Мы першымі ў свеце інтэгруем ШІ ў дзяржаўныя працэсы, запускаем рэвалюцыйныя паслугі ў «Дія», развіваем індустрыю абаронных тэхналогій (defense tech) і ўнікальную сістэму е-балаў. Менавіта тут нараджаюцца новыя тэхналогіі, якія стануць прыкладам для ўсяго свету. І запуск Direct to Cell першымі ў Еўропе гэта пацвярджае», — напісаў Фёдараў.
Кіраўнік Міністэрства лічбавай трансфармацыі адзначыў, што развіццё электронных камунікацый застаецца ключавым напрамкам працы ведамства.
«Мы ўжо прыцягнулі больш за 50 тысяч тэрміналаў Starlink, разам з аператарамі запусцілі нацыянальны роўмінг і рыхтуемся да тэставання 5G у гарадах Украіны», — распавёў Фёдараў.
Наступным крокам стане пашырэнне магчымасцяў Direct to Cell. Паводле слоў Фёдарава, у будучыні плануецца «запуск галасавых званкоў і мабільнага інтэрнэту».
Новая тэхналогія стане яшчэ адной гарантыяй таго, што нават пры поўным адключэнні мабільнай сеткі людзі змогуць адправіць паведамленне родным, выклікаць дапамогу або паведаміць пра сваё месцазнаходжанне.