BE RU EN

У Мінску закрываюць на рэканструкцыю кінатэатры «Кастрычнік» і «Аўрора»

  • 24.11.2025, 17:51

Плануецца ператварыць старыя залы ў сучасныя кінацэнтры.

У Мінску плануюць закрыць на рэканструкцыю кінатэатры «Кастрычнік» і «Аўрора». Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар «Кінавідэапракату» Уладзімір Карачэўскі, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

У мінулым годзе ў Мінску абнавілі інтэр'еры кінатэатраў «Ракета», «Салют», сёлета — пасля рэканструкцыі адкрыўся чатырохзальны кінатэатр «Масква».

— У перспектыве плануем правесці капітальны рамонт у кінатэатрах «Аўрора» і «Кастрычнік», — сказаў Карачэўскі, не ўдакладніўшы, калі закрыюць кінатэатры.

Чыноўнік расказаў, што за 10 месяцаў 13 кінатэатраў «Кінавідэапракату» прынялі крыху больш за 798 тысяч гледачоў. Гэта на 6% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Але кіраўнік кінапракату дадаў, што ёсць і праблема.

— Назіраецца пэўны дэфіцыт фільмаў з высокім гледачскім патэнцыялам. Нягледзячы на гэта, мы імкнемся прапанаваць гледачу палітру цікавых стужак. Штотыдзень у нас у паказе ад 20 да 40 фільмаў на любы густ — рэтраспектывы, тэматычныя кінапоказы, фестывальныя стужкі, артхаўс і многае іншае. Але разам з тым мы працягваем пошук стужак, якія цікавыя гледачу. У тым ліку і знятых у рэгіёнах, адкуль раней яны практычна не прыходзілі, — Паўднёвая Амерыка, Усходняя Азія, — расказаў Карачэўскі.

Кіраўнік кінапракату адзначыў, што ў традыцыйных кінатэатраў з'явіўся сур'ёзны канкурэнт у выглядзе анлайн-кінатэатраў. Таму ў Мінску аналізуюць вопыт працы кінатэатраў новага пакалення ў Расіі, Кітаі, ААЭ, Індыі і іншых краінах свету і працягваюць шукаць «новыя формы ўзаемадзеяння, цікавыя і прывабныя для сучаснага гледача».

Апошнія навіны