У Мінску прадаюць кватэру з басейнам
- 23.11.2025, 20:20
Апартаменты каштуюць амаль 2 мільёны долараў.
У Мінску прадаецца трыпавярховая кватэра, паводле сваіх памераў і напаўнення больш падобная да загараднага катэджа, піша onliner.by.
Жыллё схавана ў клубным доме на вуліцы Румянцава. Закрытая тэрыторыя, відэаназіранне, кансьерж… У будынку — усяго чатыры кватэры.
Плошча кватэры — 362 «квадраты». Вышыня столяў — больш за 3 метры.
Галоўная адметнасць — уласны спа-комплекс проста ўнутры кватэры. Ён складаецца з паўнавартаснага басейна, некалькіх саунаў з душавой і асобнай зонай адпачынку. Усё гэта знаходзіцца на цокальным узроўні.
Кухня-сталовая разлічана на вялікую кампанію — тут стаіць стол на дванаццаць чалавек.
Інтэр'ер выкананы ў класічным стылі, але састарэлым не выглядае. У аздабленні — натуральны мармур, паркет. Кватэра абсталяваная італьянскай мэбляй. Убудаваны ў сцяну акварыум выступае як светлавы акцэнт — гэта адна з тых дэталяў, што адразу прыцягваюць увагу.
У кватэры ўсталяваная сістэма «разумны дом», кандыцыянеры, хатні кінатэатр. З яе можна трапіць на тэрасу і ўласны закрыты дворак. Ну чым не загарадны фармат жыцця проста ў цэнтры Мінска?
Праўда, такая нерухомасць абыдзецца ў нясціплыя $1 850 000 паводле курсу.