Навуковіца распавяла, якія фільмы выбраць для прыёму ежы
- 23.11.2025, 17:50
Як аказалася, існуе сувязь.
Прагляд фільмаў жахаў падчас прыёму ежы можа прытупіць смак ежы, але пры гэтым павялічыць аб’ём з’едзенага. Пра гэта выданню The Conversation распавяла кандыдатка псіхалагічных навук Хармехак Сінгх з Ліверпульскага ўніверсітэта Хоуп.
Паводле слоў эксперткі, негатыўныя эмоцыі — страх, трывога, стрэс — зніжаюць адчувальнасць да прыемных смакоў.
«Арганізм у такія моманты пераключаецца на рэжым выжывання, а не задавальнення: гармоны стрэсу звужаюць увагу, і ўспрыманне смаку адыходзіць на другі план. Таму ежа падчас хвалявання можа здавацца амаль безгустоўнай», — патлумачыла спецыялістка.
Псіхолаг спаслалася на вынікі даследавання, апублікаванага ў 2021 годзе. Даследаванне паказала: людзі, якія падчас эксперыменту глядзелі фільм жахаў, ацэньвалі салодкасць соку ніжэй, чым тыя, каму ўключылі камедыю або дакументальны фільм. Больш за тое, выпрабаваныя з «хоррор-групы» выпілі больш соку — верагодна, спрабуючы ўлоўіць смак, які ў гэты момант успрымаўся мазгамі менш выразна.
Сінгх адзначае, што такія рэакцыі звязаныя з фізіялогіяй: трывога ўплывае на працу вегетатыўнай нервовай сістэмы і ўзровень гармонаў, а яны — на ўспрыманне смаку і пачуццё сытасці. У спакойнай абстаноўцы мазгі выпрацоўваюць серотанін і дофамін, таму звыклая ежа можа здавацца смачней.
«Папярэднія працы таксама паказваюць, што падчас ежы варта пазбягаць любых моцных адцягвальных фактараў — не толькі фільмаў жахаў. Напрыклад, даследаванне 2011 года выявіла, што людзі, якія гулялі ў камп’ютарныя гульні падчас абеду, слабей адчувалі сытасць, горш памяталі, што елі, і часцей перакусвалі», — адзначае экспертка.
Паводле слоў Сінгх, невялікая паўза перад ежай, спакойная музыка або прыемная кампанія могуць аднавіць нармальную адчувальнасць да сігналаў сытасці.