Беларусы ўстанавілі шыльды на радзіме Кастуся Каліноўскага
- 22.11.2025, 22:00
На ўрачыстасць сабралася каля 100 чалавек.
У польскіх Мастаўлянах урачыста адкрылі шыльды на месцы нараджэння Кастуся Каліноўскага — на тэрыторыі былога сядзібна-паркавага ансамбля Каліноўскіх. Усяго сабралася каля сотні чалавек, паведамляе «Радыё Рацыя».
Ад Аргкамітэта па мемарыялізацыі сядзібы Каліноўскіх гасцей віталі кіраўніца камітэта Вольга Семашка і скульптар Януш Талуць, якія ўрачыста знялі пакрывала з таблічак і распавялі пра працэс усталявання.
Таблічкі асвяціў ксёндз Вячаслаў Барок, душпастыр беларусаў-католікаў у Варшаве. Гасцей таксама павіталі намесніца бурмістра гміны Міхалова Эльжбета Расіньска і прадстаўнік Управы Беластоцкага павета Генрык Сухоцкі, якія падзякавалі за такую важную для рэгіёна ініцыятыву.
Асобна Генрык Сухоцкі нагадаў, што роўна 22 лістапада 2019 года адбылося перапахаванне парэшткаў Каліноўскага ў Вільні і распавёў пра свой удзел у гэтай падзеі, дзе прысутнічалі многія народы і нацыі.