У Якуціі скончыліся грошы на выплаты расійскім акупантам
- 22.11.2025, 20:03
У бюджэце рэгіёна велізарны дэфіцыт.
У бюджэце Якуціі скончыліся грошы для ўдзельнікаў вайны супраць Украіны, заявіў міністр фінансаў рэспублікі Іван Аляксееў у эфіры тэлеканала «Саха».
Паводле яго слоў, на дадзены момант выплаты кантрактнікам прыпыненыя. «На жаль, у нас сапраўды склалася такая сітуацыя», — прызнаў Аляксееў, дадаўшы, што часткова прычына ў тым, што ўлады не могуць «загадзя разлічыць, якой колькасці людзей спатрэбяцца» выплаты. Пры гэтым ён запэўніў, што праблема вырашыцца «на днях». З рэгіянальнага бюджэту выдзяляюцца сродкі на аднаразовыя выплаты пры падпісанні кантракта з Мінабароны, пры атрыманні ранення, а таксама ў выпадку гібелі вайскоўца, піша The Moscow Times.
Да канца 2024 года ў вайне супраць Украіны ўдзельнічалі больш за 8 тысяч якуцянаў, казаў намеснік камандуючага войскамі Усходняй ваеннай акругі па ваенна-палітычнай працы генерал-лейтэнант Раман Грэкаў. Паводле адкрытых дадзеных, па стане на 20 лістапада на фронце загінулі як мінімум 1954 чалавек з рэспублікі. У маі ўлады Якуціі павялічылі рэгіянальную аднаразовую выплату за адпраўку на вайну на 500 тысяч рублёў. Для тых, хто заключыць кантракт да 31 снежня 2025 года на тэрмін не менш за год, яна складае 1,8 млн рублёў. Таксама да 400 тысяч рублёў была павышаная мінімальная аднаразовая выплата ад муніцыпальных раёнаў і гарадскіх акругаў.
У першай палове года Якуція сутыкнулася з сур'ёзным дэфіцытам бюджэту, які склаў 24,4 млрд рублёў, што амаль у дзесяць разоў перавысіла зацверджаную гадавую суму ў 2,8 млрд рублёў. Аб'ём дзярждоўгу рэспублікі вырас на 26,5% — да 69,8 млрд рублёў. У праекце бюджэту на 2026 год прадугледжаныя даходы ў 309,7 млрд рублёў, выдаткі ў 317,3 млрд і дэфіцыт у 7,5 млрд рублёў.
З-за праблем з бюджэтам урад рэспублікі адмяніў рэгіянальныя выплаты сем'ям ваенных, якія загінулі ва Украіне, што складалі 1,1 млн рублёў.
У 2024 годзе ўрад Хакасіі выдзеліў на матэрыяльную дапамогу ўдзельнікам вайны амаль 600 млн рублёў, паведамляў кіраўнік рэгіёна Валянцін Канавалаў. У бягучым годзе гэта сума ўпала да 287 млн рублёў. Дэфіцыт бюджэту Хакасіі на будучы год — 7,07 млрд рублёў. Кіраўнік рэгіянальнага Мінфіна Ігар Тугужэкаў выказваў занепакоенасць, што даходы будуць ніжэйшыя за запланаваныя, што зробіць «дзірку» яшчэ большай.
У жніўні ўрад Санкт-Пецярбурга адмяніў выплату ў 1,6 млн рублёў за заключэнне кантракта для добраахвотнікаў.