Тры чвэрці вугальных кампаній Расіі сталі стратнымі
- 22.11.2025, 10:18
23 прадпрыемствы ўжо спынілі працу.
Амаль тры чвэрці расійскіх вугальных прадпрыемстваў працуюць са стратамі. Такія звесткі прывёў выконваючы абавязкі дырэктара дэпартамента вугальнай прамысловасці Мінэнерга РФ Дзмітрый Лапацін на пасяджэнні Дзяржсавета па энергетыцы. Паводле яго слоў, цяпер стратнымі з'яўляюцца 74% кампаній галіны, а 23 прадпрыемствы ўжо спынілі працу.
Лапацін удакладніў, што паводле даных Расстата сумарныя страты сектара дасягнулі 263 млрд рублёў, і да канца года прагназуецца рост гэтага паказчыка да 350 млрд. «Здабыча вугалю трэці год запар скарачаецца — з 443,6 млн тон у 2022 годзе да 438,6 млн тон у 2024 годзе, то-бок падзенне склала каля 5 млн тон», — сказаў ён (цытата па ТАСС).
Раней намеснік міністра энергетыкі Дзмітрый Ісламаў казаў, што ў 2024 годзе сектар таксама завяршыў год са стратамі — 112 млрд рублёў пры крэдыторскай запазычанасці ў 1,2 трлн і пры долі стратных прадпрыемстваў у 53%. У кастрычніку Мінэнерга прагназавала далейшы рост даўгавой нагрузкі — да 1,5 трлн рублёў па выніках 2025 года.
На фоне агульнага крызісу напярэдадні стала вядома пра рэзкае падзенне вытворчых паказчыкаў холдынгу «Мечэл». Па выніках трэцяга квартала 2025 года кампанія скараціла здабычу вугалю на 55% у гадавым выражэнні — да 1,28 млн тон. За дзевяць месяцаў падзенне здабычы склала 38%, дасягнуўшы мінімальных паказчыкаў за апошнія 10 гадоў. Чыстыя страты «Мечэла» ў першым паўгоддзі выраслі ў 2,4 раза, дасягнуўшы 40,5 млрд рублёў — максімальнага значэння з 2015 года.
Для падтрымкі галіны ўрад РФ 30 мая ўхваліў пакет захадаў, які ўключае адтэрміноўку па НДПІ і страхавых узносах да 1 снежня, адрасныя субсідыі для кампенсацыі лагістычных выдаткаў пры экспарце вугалю, а таксама магчымасць рэструктурызацыі крэдыторскай запазычанасці.
Па ацэнцы НКР, крызіс абвастрыўся пасля пачатку Уладзімірам Пуціным вайны ва Украіне ў 2022 годзе, калі Расія страціла частку традыцыйных экспартных рынкаў, уключаючы Еўразвяз, а сусветныя цэны на вугаль істотна знізіліся. Калі ў 2022 годзе кошт экспартнай тоны энергетычнага вугалю складаў $148–192 у залежнасці ад порта, то па выніках 2024 года ён апусціўся да $72–106.