ШІ Grok паставіў Ілона Маска вышэй за ўсіх
- 22.11.2025, 1:02
Нават вышэй за Ісуса і да Вінчы.
Карыстальнікі платформы X заўважылі, што штучны інтэлект Grok ад кампаніі Ілона Маска сістэматычна ставіў прадпрымальніка на першае месца ў сваіх адказах, незалежна ад тэмы: спорт, інтэлект і нават боскасць. Пра гэта паведамляе The Guardian.
Бот сцвярджаў, што Маск фізічна пераўзыходзіць легенду баскетболу Леброна Джэймса. Grok таксама заяўляў, што Маск перамог бы былога чэмпіёна свету па боксе Майка Тайсана.
«Паводле Grok, Маск таксама «уваходзіць у дзясятку самых разумных людзей у гісторыі, супернічаючы з такімі эрудытамі, як да Вінчы або Ньютан, дзякуючы рэвалюцыйным інавацыям у розных галінах», — сказана ў артыкуле.
Больш таго, бот назваў Маска смяшней за стэндап-каміка Джэры Сайнфелда — і што ён «уваскрос бы хутчэй за Ісуса».
Пазней адказы Grok былі выдалены, а Маск напісаў, што бот «паддаўся на правакацыю, кажучы абсурдна станоўчыя рэчы» пра яго.