У Будапешце знайшлі некрануты рымскі саркафаг узростам 1700 гадоў
- 21.11.2025, 19:28
Ён заставаўся цалкам герметычным і не быў разрабаваны.
Археолагі Будапешцкага гістарычнага музея выявілі ўнікальны рымскі саркафаг, якому каля 1700 гадоў, у раёне Обуда на поўначы венгерскай сталіцы. Знаходку зрабілі падчас маштабных раскопак на тэрыторыі старажытнарымскага паселішча Аквінкум, паведаміла агенцтва Associated Press.
Саркафаг заставаўся цалкам герметычным (швы былі залітыя свінцом) і не быў разрабаваны. Каменная крышка захавала арыгінальныя металічныя клямары. Унутры археолагі выявілі шкілет жанчыны, акружаны дзесяткамі артэфактаў — побач ляжалі два цэлыя шкляныя пасудзіны, бронзавыя фігуркі, 140 манет, касцяная шпілька, бурштыновае ўпрыгожанне і фрагменты тканіны з залатымі ніткамі.
«Асаблівасць знаходкі ў тым, што гэта быў герметычна закрыты саркафаг. Раней яго не чапалі, таму ён застаўся цэлым», — сказала Габрыэла Феньес, вядучы археолаг раскопак.
На думку археолага, гэтыя прадметы былі пахавальнымі дарамі, прызначанымі для «вечнага падарожжа» памерлай.
Антрапалагічны аналіз астанкаў дазволіць удакладніць звесткі пра ўзрост, здароўе і паходжанне жанчыны. Археолагі таксама спадзяюцца знайсці дадатковыя артэфакты пры прасейванні пласта праху, вынятага з саркафага.