BE RU EN

Гісторыя з калоніяй лятучых мышэй у Брэсце атрымала працяг

  • 21.11.2025, 13:10

Зоолагі расказалі, як можна было дапамагчы жывёлам.

Учора ў TikTok стала вірусным відэа, дзе каля адной з шматпавярховак Брэста проста на зямлі ляжаць дзясяткі лятучых мышэй. Частка жывёл, відаць, ужо загінула, частка — яшчэ рухалася і спрабавала збіцца ў кучу, выдаючы жалобны піск. Мы звязаліся з экспертам і высветлілі, што магло здарыцца і чаму лятучыя мышы апынуліся ў такой колькасці побач з жылым домам. Таксама заолагі расказалі, як можна было дапамагчы жывёлам, і склалі чэк-ліст для падобных сітуацый.

«Што гэта за з’ява?» — пытаецца голас за кадрам, здымаючы на смартфон лятучых мышэй, што ляжаць на зямлі. З гэтым жа пытаннем журналісты «Онлайнера» звярнуліся да супрацоўніка лабараторыі малекулярнай заалогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі і стваральніка рэабілітацыйнага цэнтра «Кажанаполіс» Аляксея Шпака.

— Адразу скажу, што гэта «рыжая вечарніца» — не чырванакніжны, але ахоўваны законам від лятучых мышэй. Зараз яны ўладкоўваюцца на зімоўку і могуць зімваць у рознага кшталту прахалодных поласцях. Найбольш верагодна, цэлая калонія мышэй (каля сотні) схавалася за ашалёўкай чыйгосьці балкона — гэта частая з’ява.

Суразмоўца дапусціў, што гаспадары кватэры маглі выявіць жывёл, напрыклад, падчас рамонту балкона, і выкінуць іх на вуліцу. Але так рабіць нельга было.

— Дадзены выпадак можна разглядаць як правапарушэнне, беззваротнае выняцце дзікіх жывёл з прыроды. Гэта прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць. Калі не памыляюся, некалькі базавых велічынь за адну асобіну.

— Жывёл яшчэ можна выратаваць?

— Відэа ўчорашняе, і, хутчэй за ўсё, яны загінулі.

Вядома, што ў Брэсце ёсць валанцёры і, магчыма, яны паспелі адрэагаваць на відэа і выратаваць частку жывёл.

Што рабіць, калі знайшлі лятучую мыш?

У сувязі з выпадкам, што адбыўся днямі ў Брэсце, калі на вуліцу была выкінутая цэлая калонія лятучых мышэй, заолагі звярнуліся да ўсіх з просьбай не заставацца абыякавымі ў такіх сітуацыях і не адмаўляць у дапамозе безабаронным жывёлам. Заўважым, што насуперак шматлікім стэрэатыпам гэтыя жывёлы бяскрыўдныя і неагрэсіўныя.

— На жаль, ірацыянальныя страхі часам прыводзяць да гібелі цэлых калоній, — распавёў заолаг кампаніі «Дзікая прырода» Аляксандр Вінчэўскі. — А для аднаўлення папуляцый патрабуюцца дзесяцігоддзі. Бо самкі «лятучак» за год могуць выгадаваць усяго 1—2 дзіцянят.

Нагадаем, у Беларусі сустракаецца 19 відаў лятучых мышэй, і ўсе яны знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай. Восем відаў рукакрылых уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. З надыходам халадоў частка лятучых мышэй адлятае, а частка застаецца зімуваць. У гэты перыяд тэмпература цела рукакрылых становіцца такой жа, як у навакольнага асяроддзя, таму для іх крытычна важна своечасова знайсці адпаведнае сховішча для зімоўкі з дастаткова высокай вільготнасцю і адносна нізкай стабільнай тэмпературай (+1—8°С).

— Позняй восенню, калі пачынаецца пошук месцаў для спячкі, лятучыя мышы з’яўляюцца ў пад’ездах, кватэрах і на балконах; у маразы іх нярэдка знаходзяць проста на зямлі без прытомнасці з-за таго, што тэмпература знізілася і яны ўпалі ў гібернацыю, — расказалі ў Мінскім цэнтры рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс».

Таму, калі вы выявілі бездапаможную жывёлу, пастарайцеся ёй дапамагчы. Вось чэк-ліст на такія выпадкі.

• Не панікуйце і не чапайце жывёлу голымі рукамі. Надзеньце шчыльныя пальчаткі або ізалюйце рукі з дапамогай шчыльнага адзення ці тканіны.

• Акуратна змясціце лятучую мыш у скрынку з вентыляцыяй, пры гэтым адтуліны не павінны быць занадта вялікімі.

• Звярніцеся ў Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс»: +375 29 213 92 57 (A1, Viber, Telegram, WhatsApp). Вас пракансультуе спецыяліст па рукакрылых Аляксей Шпак.

• Калі вы з Мінска або наваколля, звярка могуць прыняць на зімоўку ў «Кажанаполіс», а калі вы з іншага рэгіёна, то вам падкажуць, як дапамагчы «лятучцы» перазімаваць.

Нагадаем, Мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс» створаны ў 2018 годзе і працуе на базе НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Цэнтр круглагодна кансультуе і аказвае практычную дапамогу ў любых сітуацыях, звязаных з лятучымі мышамі, а зімой прымае іх на ператрымку.

Ператрымка выглядае так: жывёлу аглядаюць, узважваюць, кормяць, саджаюць у тканевыя мяшочкі і падвешваюць у халадзільніку. Вясной «пастаяльцаў» выпускаюць на волю.

— За ўвесь час працы «Кажанаполіса» мы дапамаглі перазімаваць 1061 асобіне рукакрылых 10 розных відаў, уключаючы «чырванакніжных», з 63 населеных пунктаў Беларусі, — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН па біярэсурсах, хіраптэролаг Аляксей Шпак. — Найчасцей, вядома, мы мелі справу з рукакрылымі так званай «гарадской фаўны», а менавіта з двухкаляровымі і познімі кажанамі, а таксама з рыжай вечарніцай, якая ў апошнія дзесяцігоддзі пачала зімваць у нашых гарадах.

Аляксей успомніў выпадак, як у Салігорску жыхары выявілі ў сябе пад падлогай балкона калонію рыжай вечарніцы (каля 100 асобін). І тады гісторыя скончылася добра: гаспадары далікатна сабралі ўсіх лятучых мышэй і на вакзале Слуцка перадалі іх на зімоўку ў «Кажанаполіс». Вясной жывёл выпусцілі на прыроду.

Апошнія навіны