«І ўжо ў першым квартале 2026 года мы ўбачым вялікія сюрпрызы ў Расіі»
- 21.11.2025, 17:13
Нечаканы прагноз.
Украінскі палітычны і эканамічны эксперт Тарас Загородний адказаў на пытанне пра тое, ці магчымыя ў Расіі унутраныя канфлікты.
«Я больш веру ў канфлікты паміж мясцовымі ўладамі і федэральнай уладай РФ, то бок калі цэнтру будзе супрацьстаяць менавіта мясцовая ўлада, а не народ. Калі няма грошай у мясцовым бюджэце, калі няма магчымасці падтрымліваць інфраструктуру, школы, грамадскі транспарт і ўсё астатняе, адказваць давядзецца мясцовым уладам, бо людзі пойдуць не да Пуціна, а да мясцовай улады», — падкрэсліў ён у інтэрв’ю «Главреду».
Паводле слоў эксперта, такая ж сітуацыя складвалася і ў Савецкім Саюзе, калі ён пачаў распадацца, «калі не было грошай на ўтрыманне мясцовых элітаў, і грошы з Масквы не паступалі».
«Ёсць, канечне, яшчэ ўклады расіян — яшчэ 60 трыльёнаў рублёў. І расійская ўлада яшчэ паспрабуе канфіскаваць гэтыя ўклады, яна ўжо запускае механізмы, якія пазбаўляюць насельніцтва магчымасці забраць грошы з банкаў. Гэта робіцца з размытай фармулёўкай: маўляў, калі банк бачыць, што, на яго погляд, ідуць некантралюемыя аперацыі, ён мае права заблакаваць грошы. Гэтая з’ява стала масавай», — удакладніў ён.
Загородний таксама нагадаў, што перад распадам у СССР правялі канфіскацыйную грашовую рэформу.
«У РФ пакуль баяцца гэта рабіць, але гэтыя працэсы таксама ідуць. І ўжо ў першым квартале 2026 года мы ўбачым вялікія сюрпрызы ў Расіі, якія ўжо цяпер рыхтуюцца», — дадаў ён.