Беларускі хакеіст названы сярод галоўных прэтэндэнтаў на прыз найлепшаму навічку НХЛ
- 20.11.2025, 21:53
Арцём Левшуноў выступае за «Чыкага Блэкхокс».
Выступаючы за «Чыкага Блэкхокс» Арцём Левшуноў заняў чацвёртае месца ў спісе хакеістаў, якія прэтэндуюць у гэтым сезоне на «Кэлдэр Трафі» — прыз найлепшаму навічку НХЛ.
Складзены The Athletic рэйтынг сфармаваны на падставе мінулага адрэзку рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, у якім Левшуноў набраў 10 рэзультатыўных перадач у 18 матчах.
Рэйтынг узначаліў першы нумар драфту-2025 Мэцью Шэфер, які выступае за «Нью-Ёрк Айлэндэрс». Другім стаў нападнік «Манрэаля» Іван Дземідаў, трэцім — абаронца «Караліны» Аляксандр Нікішын.
Левшуноў, выбраны «Чыкага» пад другім нумарам на драфце НХЛ-2024, у мінулым сезоне ўжо правёў 18 матчаў у наймацнейшай лізе свету. Тым не менш, паводле рэгламенту ён можа прэтэндаваць на прыз найлепшаму навічку.